Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Разанаў аб плянах “Нямецкай хвалі”: “Форма бярэцца пярэчыць зьместу”


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку за 11 жніўня.

“Наша ніва” ў сьвежым нумары знаёміць сваіх чытачоў зь меркаваньнем паэта Алеся Разанава пра пляны “Нямецкай хвалі” перадаваць на Беларусь на расейскай мове. На думку паэта, заўсёды будзе ўзьнікаць і заставацца ня вытлумачаным пытаньне, чаму праграма “Нямецкай хвалі” для Беларусі гучыць не па-беларуску. Форма, робіць выснову Алесь Разанаў, бярэцца пярэчыць зьместу, а самы асноўны зьмест праграмы быў бы якраз у тым, што яна гучыць адпаведна з аб’яўленай назваю. Паэт дадае, што ў розных нямецкіх гарадох, у прыватнасьці ў Гановэры, Бэрліне, ён сустракаўся з маладымі беларусамі, выпускнікамі беларускіх ці нямецкіх ВНУ, якія добра валодаюць і нямецкай, і роднай мовамі і ахвотна далучыліся б да радыйнай “дзялянкі дзейнасьці”.

Адна з публікацыяў “Нашай нівы” прысьвечаная Торвальду Вандроўніку – першаму хрысьціянскаму місіянэру ў Беларусі. Магчыма, гэта ён адпяваў Рагнеду і Ізяслава. “Там ён пахаваны ў адной гары каля Полацку, і называюць палачане яго сьвятым”, – пішуць сагі. У “Нашай ніве” – вэрсія, у якім месцы полацкай зямлі знаходзіцца магіла сьвятога.

“Витебский курьер” друкуе ўражаньні школьніка з Паставаў Васіля Сіманёнка, які вярнуўся з ЗША, дзе знаходзіўся ў рамках праграмы міжнародных абменаў. Як вынікае з публікацыі, беларускага юнака вельмі ўразіў амэрыканскі лад жыцьця. Васіля прыемна зьдзівілі дружалюбнасьць і прыветнасьць жыхароў Злучаных Штатаў. Яны ў пераважнай большасьці, паводле Васіля, – сумленныя людзі. А яшчэ – вельмі працавітыя. Напрыклад, гаспадар шматдзетнай сям’і, у якой жыў пастаўскі хлопец, працаваў, бывала, у суткі і 15 гадзінаў, але пры гэтым выглядаў бадзёра і дбаў пра тое, каб выходныя дні заўжды былі для сям’і маленькім сьвятам. Васіль Сіманёнак правучыўся ў Амэрыцы цэлы год, цяпер ён вучыцца ў выпускной клясе адной з пастаўскіх школаў. Васіль яшчэ не вызначыўся канчаткова што да сваіх далейшых жыцьцёвых плянаў, аднак, як сам сьцьвярджае, пасьля Амэрыкі стаў глядзець на жыцьцё зусім іншымі вачыма.

Паведамляе таксама “Витебский курьер” пра экалягічныя праблемы ў Верхнядзьвінскім раёне, друкуе статыстычныя зьвесткі пра жыльлёвае будаўніцтва на Віцебшчыне.

“Курьер из Борисова” паведамляе сваім чытачом пра чарговы кадравы экспэрымэнт на Барысаўскім прадпрыемстве музычных інструмэнтаў. Там звольнены дырэктар, які знаходзіўся на пасадзе крыху больш як год. Барысаўская “піянінка” ўжо даўно знаходзіцца ў глыбокім заняпадзе. Каб пераадолець яго, галіновае кіраўніцтва зьмяніла тузін дырэктараў. Цяпер, як вынікае з публікацыі барысаўскага “Курьера”, экспэрымэнтаваць будзе адзін з былых намесьнікаў апошняга звольненага дырэктара.
XS
SM
MD
LG