Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэты квеце па ўсім сьвеце


Антаніна Хатэнка, Менск

Такая выснова – як непапраўны, неаспрэчны дыягназ: на чалавеку, зьяве, рэчы ці падзеі канчаткова ставяць кляймо. Прычым бязьлітасная праўда добра-такі прыхавана, і почасту фармулёўка гэты квеце па ўсім сьвеце выглядае ці не камплімэнтам. Прынамсі, каму занадта пахіленаму да ўніфікаваньня гэткае паблажлівае азначэньне можа і ўпадабацца: кветкай называюць, ды яшчэ вядомай па ўсім сьвеце...

Насамрэч ляканічная характарыстыка гэты квеце па ўсім сьвеце найперш ёсьць вобразным кодам захаваньня нутранога зьместу, адметнасьці. Усё жывое – падказвае народ – на мікра- і макраўзроўнях мае свой воблік, непаўторную праяву. Можа, менавіта гэткая этычная грэблівасьць да ўнівэрсалізацыі дасюль ратуе ў беларусах этнічную прыкметнасьць, што зацята вызірае ў сьвет праз чужую мову, аднолькавыя апранкі й масавае мысьленьне. Баронячы свабоду выбару, расейцы, да прыкладу, нібы хітра выбачаюцца: у нас таких на пятачок пучок. А мы дык зусім, бывае, зьневажальна цьвердзім: шмат у гарнец такіх малайцоў улезе; у нас такіх сем сушаных на хунт лезе; на тым сьвеце знайду лепшага ў сьмецьці. І шукаем – каб не патрапіць у пастку самазгубы.

Якраз у варунках, калі масавасьць наступае на сапраўднасьць, мне й напаткалася дакладная азнака грамадзкай сытуацыі: гэты квеце па ўсім сьвеце.

Гуло вясковае вясельле, гасьціна ўсяляк вымагалася прыпадобніцца абрасеенаму гораду. І раптам спасярод усіх “свадьба пела” зычна й звонка завёў старую вясельную песьню маленькі, як грыбок, дзед Юзік – ажно прастора здрыганулася. Як аціхла песьня, сват разгублена прызнаўся: “Ото ж адагрэў сэрца. Бо што сьпяваем? Гэты квеце па ўсім сьвеце...”

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
XS
SM
MD
LG