Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

11 жніўня 1918 году Сакратарыят БНР зацьвердзіў нарматыўны варыянт бела-чырвона-белага сьцяга


RFE/RL Каляндар “Свабоды”

Першая гістарычная дата сёньняшняга календара зьвязаная з нацыянальнай сымболікай Беларусі – бела-чырвона-белым сьцягам краіны. Нарматыўны варыянт сьцяга быў зацьверджаны Сакратарыятам БНР і апублікаваны ва ўрадавай газэце “Вольная Беларусь” 11 жніўня 1918 году.

11 жніўня 1974 году ў Полацку быў адкрыты помнік беларускаму першадрукару, славутаму палачаніну Фpанцiшкy Скаpынy. Гэты помнік работы скульптара Аляксея Глебава быў адзначаны дзяржаўнай прэміяй БССР, а сама падзея рэзка вылучалася на тле ўсеагульнага занядбаньня старажытнай беларускай гісторыі і яе герояў.

11 жніўня 1803 году нарадзіўся пісьменьнік, музыка, навуковец і журналіст Уладзімер Адоеўскі. У XIX стагодзьдзі вельмі часта адзін чалавек злучаў у сабе разнастайныя таленты і зацікаўленьні. Вузкая спэцыялізацыя не практыкавалася. Той самы Адоеўскі наігрываў на раялі, а думаў пры гэтым пра турэмную рэформу. Дарэчы, ён быў адным з апошніх нашчадкаў роду Рурыкавічаў.

А яшчэ ў гэты дзень нарадзіўся Ўладыслаў Андэрс. Польскі генэрал, пад камандай якога ў часе апошняй вайны ваявалі супраць гітлераўцаў тысячы беларусаў. За савецкім часам было не прынята згадваць тых беларусаў, што ваявалі зь немцамі на баку заходняй кааліцыі. Гаварылі толькі пра тых, хто змагаўся разам з расейцамі. Вось жа тыя, што ваявалі на захадзе, большасьцю сваёй стаялі пад сьцягамі Андэрса. Многія зь іх па-геройску загінулі і ніяк ня менш набліжалі перамогу над фашызмам, чым тыя чырвонаармейцы або савецкія партызаны. Сам Уладыслаў Андэрс у першую сусьветную служыў у царскім расейскім войску, а калі ўтварылася незалежная Польшча, дык на яе баку граміў Чырвоную Армію. У часе другой сусьветнай армія Андэрса змагалася на Блізкім Усходзе, у Італіі і Заходняй Эўропе. Сам генэрал застаўся на эміграцыі ў Вялікабрытаніі. Памёр ён у 1970-м годзе.

У цэлым жа гістарычныя даты 11 жніўня часьцяком пазначаныя пячаткай авантурызму. Гэта дзень нараджэньня расейскага псыхатэрапэўта Кашпіроўскага і стваральніка расейскай грашовай піраміды Маўродзі. Не выпадаюць з гэтага шэрагу і самазванчы акт Емяльяна Пугачова, які абвясьціў сябе расейскім царом, і знакаміты “жарт” Роналда Рэйгана, які 11 жніўня 1984 году аб’явіў пра пачатак бамбаваньня СССР.
XS
SM
MD
LG