Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна ў Беларусі купіць замежныя выданьні?


Міхал Стэльмак, Менск Каб пагартаць сьвежыя замежныя выданьні, я наведаў шэраг месцаў у Менску, дзе разьлічваў пабачыць тыя выданьні. Найперш – сталічныя гатэлі, дзе селяцца іншаземцы. Там ёсьць шапікі "Белсаюздруку".

Адзін з такіх газэтных шапікаў месьціцца ў гатэлі “Мінск”, дзе гандлярка спадарыня Вераніка сказала мне:

(Вераніка: ) “Толькі на ангельскай мове набываюць іншаземцы. "The Minsk Times" і "Belarus Today". Часам купляюць часопіс “Горизонты”. А так больш да нас не паступае замежнай прэсы. Так, пытаюцца пра замежныя газэты і часопісы. Але ж мы не атрымліваем, “Саюздрук” не прадае”.

Удакладню, што газэты "The Minsk Times" і "Belarus Today", пра якія казала спадарыня Вераніка, гэта не замежныя, а беларускія, толькі ангельскамоўныя выданьні. Што да папулярных іншаземных выданьняў, напрыклад "The Washington Post" , "The Guardian", "Le Figaro", "Die Welt", то імі ў Беларусі не гандлююць.

Цяпер ёсьць вялікі попыт на польскія выданьні, найперш з боку беларускіх палякаў. Пра тое, ці можна задаволіць гэты попыт, гаворыць гарадзенскі журналіст Ігар Банцар:

(Банцар: ) “Безумоўна, патрэба ёсьць. Ёсьць патрэба і зацікаўленьне ня толькі з боку сяброў Саюзу палякаў у Беларусі, а й з боку радавых прадстаўнікоў польскай меншасьці. І людзі чытаюць гэтыя газэты, таму што хтосьці паедзе ў Польшчу і там набудзе газэты, якія потым ходзяь па руках. Найперш аўтарытэтныя польскія штодзённыя выданьні “Rzeczpospolita”, “Gazeta Wyborcza”, тыднёвікі “Polityka”, “Wprost”, "Newsweek Polska". Патрэба ёсьць, людзі чытаюць, бо ёсьць попыт на іншую, альтэрнатыўную думку, якая не падобная да беларускай афіцыйнай”.

Як я высьветліў у афіцыйных структурах, распаўсюджваньне ў Беларусі замежных выданьняў рэгулюецца заканадаўча. Вось што сказала мне прадстаўніца Міністэрства інфармацыі Галіна Гусакова:

(Гусакова: ) “Патрабуецца дазвол Міністэрства інфармацыі. Калі яны зарэгістраваныя ў іншай дзяржаве, то яны ня могуць тут распаўсюджвацца бяз нашага дазволу. Калі іх распаўсюджваюць прыватныя асобы, то гэтыя асобы маюць быць папярэджаныя пра незаконнае распаўсюджваньне”.

Як патлумачыла спадарыня Гусакова, кантроль Міністэрства інфармацыі за распаўсюджваньнем іншаземных выданьняў не ахоплівае толькі выданьняў Расейскай Фэдэрацыі. Што ж да распаўсюджваньня ў Беларусі ўкраінскіх, польскіх ці, скажам, амэрыканскіх газэт і часопісаў, то, каб атрымаць на гэта права, трэба сьпярша ўзяць даведку ў гэтага выданьня пра тое, што распаўсюднік зьяўляецца яго афіцыйным прадстаўніком на тэрыторыі Беларусі. А затым з гэтай даведкаю трэба прыйсьці ў Міністэрства інфармацыі, якое і прыме канчатковае рашэньне што да магчымасьці распаўсюджваньня.

Трэба сказаць, што беларускі парадак распаўсюджваньня пэрыядычных выданьняў разыходзіцца з парадкамі ў цывілізаваных краінах. Гаворыць кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) “Тут ёсьць супярэчнасьць. Згодна з артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, распаўсюджваньне інфармацыі вядзецца свабодна, незалежна ад дзяржаўных межаў. Інакш кажучы, калі газэта друкуецца ў адной краіне, то яна можа распаўсюджвацца без усялякага дазволу ў іншых краінах. Ёсьць адпаведнае пагадненьне між эўрапейскімі дзяржавамі, якое было падпісанае ў Хэльсынкі яшчэ ў 1975 годзе. І там таксама ёсьць спэцыяльны разьдзел аб тым, што дзяржавы-ўдзельніцы Хэльсынскай нарады АБСЭ ня будуць процідзеяць пашырэньню пэрыядычных выданьняў, што выдаюцца ў іншых краінах. Гэта азначае, што, паводле міжнародных стандартаў, павінен быць свабодны паток інфармацыі. У Рэспубліцы Беларусі насуперак гэтаму палажэньню ёсьць норма ў "Законе аб друку", якая дазваляе распаўсюджваньне замежных выданьняў толькі з дазволу Міністэрства інфармацыі”.
XS
SM
MD
LG