Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвесткі закрытага апытаньня: ці давяраюць Лукашэнку ў сілавых структурах?


Алесь Дашчынскі, Менск Прэсавая служба АГП распаўсюдзіла патаемным чынам здабытыя зьвесткі закрытага апытаньня, якое праводзіцца раз на квартал у Міністэрстве ўнутраных справаў. Вынікі гэтых апытаньняў паступаюць толькі кіраўніку краіны, Радзе бясьпекі і КДБ. Паводле гэтага дасьледаваньня, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ў міліцэйскім асяродзьдзі не перавышае 33 працэнтаў. У Менску адпаведны паказчык роўны 19 працэнтам. Ва ўзброеных сілах Беларусі рэйтынг Лукашэнкі не перавышае 25 працэнтаў.

Прэсавая служба АГП спасылаецца на ўласныя крыніцы ў прэзыдэнцкай Адміністрацыі. Менавіта вынікі гэтага закрытага апытаньня сталі прычынай разносу, які днямі наладзіў сваім падначаленым міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў.

Зьвесткі памянёнага апытаньня я папрасіў пракамэнтаваць былога старшыню Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба.

(Грыб: ) "Я думаю, што ўсё гэтае апытаньне, як яны ставяцца да кіраўніка дзяржавы, рабілася ананімна. Яны могуць так ацаніць – у іх ёсьць для гэтага шмат падстаў. Я 36 гадоў адпрацаваў у органах унутраных спраў. Таксама ў нашую дзейнасьць вельмі часта ўмешваліся партыйныя органы, давалі тыя, гэтыя заданьні, што супрацоўнікам міліцыі вельмі не падабалася. Так і цяпер, калі абсалютная большасьць супрацоўнікаў міліцыі накіраваная на барацьбу са злачыннасьцю і хоча і ўмее гэта рабіць, іх накіроўваюць на палітычныя справы, на пікеты, на мітынгі і гэтак далей. І яны ж гэтым не задаволеныя. Яны ведаюць, адкуль гэта ўсё ідзе, таму нічога тут дзіўнага няма".

Мечаслаў Грыб, дарэчы, закранае гэтую праблему ў сваёй падрыхтаванай да друку кнізе "Беларускі мост".

Рэйтынг Лукашэнкі, паводле зьвестак, апублікаваных прэсавай службай АГП, яшчэ меншы ў беларускім войску. Калі ў міліцэйскім асяродзьдзі ён склаў 33 працэнты, то ва Ўзброеных сілах не перавышае 25 працэнтаў.

Наколькі рэальныя такія настроі ў войску, сказаць складана. Ува ўсякім разе спэцыялісты скептычна ставяцца да гэтай лічбы. Аглядальнік у вайсковых пытаньнях газэты "Белорусский рынок" Аляксандар Алесін мяркуе, што такое наўрад ці можа быць:

(Алесін: ) "На некаторых пасадах грашовае ўтрыманьне беларускіх вайскоўцаў у паўтара – два разы большае, чым расейскіх. Тое ж самае тычыцца вайсковых пэнсіянэраў. На пачатку гэтага году беларускі падпалкоўнік меў заробак на роўні расейскага генэрала. Апрача таго, у Беларусі лягчэй вырашаюцца кватэрныя пытаньні. Вайскоўцы пабойваюцца перамены ўлады, што можа прывесьці да скарачэньня войска і памяншэньня яго фінансаваньня. Таму вайскоўцы сёньня наўрад ці настроеныя супраць Лукашэнкі. Усё ж такі надта шмат сродкаў ён патраціў на тое, каб мець іх ляяльнымі".

Міністэрства абароны апэратыўна адрэагавала на пададзеную інфармацыю АГП. Прэсавая служба гэтага сілавога ведамства заявіла, што давер да галоўнакамандуючага быў і застаецца "выключна высокім", а яго аўтарытэт "непахісным". Паводле прэсавай службы, Цэнтар псыхалягічных і сацыяльных дасьледаваньняў Узброеных сілаў штогод праводзіць маніторынг сацыяльных настрояў вайскойцаў. Дык вось сёлета на аснове квотнай выбаркі былі апытаныя 1054 вайскоўцы і прадстаўнікі іхных сем''яў. Паводле вынікаў гэтага апытаньня, больш за 97 працэнтаў рэспандэнтаў найбольш давяраюць Лукашэнку. Прэсавая служба Міністэрства абароны цьвердзіць, што колькасьць тых, што давяраюць, з 2001 году вырасла амаль у 10 разоў.

Натуральна, незалежныя сацыялягічныя службы ня маюць магчымасьці правесьці свае дасьледаваньні ў гэтым пытаньні ні ў войску, ні ў іншых сілавых структурах. Таму вядомыя ў Беларусі сацыёлягі асьцярожна ставяцца як да пададзенай АГП інфармацыі пра 25-ціпрацэнтны рэйтынг Лукашэнкі ў войску, так і да інфармацыі прэсавай службы Міністэрства абароны пра 97-міпрацэнтную падтрымку кіраўніка краіны.

Прафэсар Алег Манаеў кіруе літоўскай грамадзкай установай "Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў".

(Манаеў: ) "Нашы апошнія травенськія зьвесткі ў цэлым па краіне паказваюць рэйтынг Лукашэнкі, не ніжэйшы за 40 працэнтаў. Вядома, гэты рэйтынг вагаецца ў розных сацыяльных, прафэсійных, геаграфічных групах і гэтак далей. А вось якая сытуацыя канкрэтна ў сілавых структурах, праваахоўчых органах, сказаць цяжка, бо ў нас такіх зьвестак няма. Але на аснове агульнага аналізу я думаю, што ў сілавых структурах пазыцыі кіраўніка краіны мацнейшыя, чым у грамадзтве ў цэлым. З другога боку, ёсьць паасобныя структуры, спэцслужбы і некаторыя прафэсіяналы, якія апошнімі гадамі сутыкаюцца з праблемай дэпрафэсіяналізацыі. Яны нацэленыя на здушэньне іншадумства і барацьбу з апазыцыяй. Гэта, скажам, пэўная частка спэцслужбаў – гэтыя людзі могуць быць не задаволеныя".
XS
SM
MD
LG