Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: "Рэжым імкнецца справакаваць крызіс"


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай адносна канфлікту вакол Саюзу палякаў, а таксама абставінаў дыпляматычнага крызісу паміж афіцыйным Менскам і Польшчай.

У заяве адзначаецца, што “канфлікт стаў беспасярэднім вынікам пасьлядоўнай палітыкі рэжыму, што трактуе любую грамадзкую дзейнасьць, якая адбываецца па-за яго кантролем, як праяву палітычнай апазыцыі і аб’ект для здушэньня”.

Афіцыйны Менск, лічыць Рада БНР, “ня маючы павагі да нацыянальных інтарэсаў беларусаў, на працягу больш як дзесяцігодзьдзя ўжывае розныя формы ўціску супраць усіх грамадзкіх ды няўрадавых арганізацыяў, дзейнасьць якіх як-колечы прычынялася да ўмацаваньня беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці, асабліва ў галіне беларускай нацыянальнай культуры, разьвіцьця нацыянальнай гістарычнай і палітычнай сьвядомасьці ў грамадзтве Беларусі”.

"Ад нядаўняга часу палітыка ўціску незалежных няўрадавых арганізацыяў пашыраная на нацыянальныя меншасьці, а менавіта Саюз палякаў Беларусі", – адзначаецца ў заяве Рады БНР. “Спробы рэжыму гвалтоўна ўзяць пад свой кантроль Саюз палякаў, – падкрэсьлівае Рада БНР, – спалучаюцца з правядзеньнем у Беларусі кампаніі непраўдзівай прапаганды, якая беспадстаўна сьцьвярджае аб непрыязных дзеяньнях з боку Польшчы і пра нібыта далучанасьць да гэтай дзейнасьці грамадзкага згуртаваньня польскай нацыянальнай меншасьці”.

З увагі на вышэйзгаданае Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі лічыць, што недэмакратычны рэжым у Беларусі праводзіць цяпер наўмысную кампанію супраць інтарэсаў пэўнай нацыянальнай меншасьці ды суседняй краіны, што мае на мэце “стварыць вобраз вонкавага ды ўнутранага ворага дзеля апраўданьня сваёй рэпрэсіўнай унутранай ды аднабаковай замежнай палітыкі, укараніць у грамадзтве Беларусі ўяўленьне аб любым непаслушэнстве або неляяльнасьці да рэжыму як аб дзейнасьці на карысьць непрыязных замежных сілаў; справакаваць крызіс у дыпляматычных дачыненьнях паміж дзьвюма краінамі для істотнага парушэньня сувязяў і дачыненьняў, што існуюць паміж двума народамі ўва ўсіх галінах, разглядаючы іх як немэтазгодныя для захаваньня свайго кантролю ў Беларусі”.

Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі заявіў аб сваёй адданасьці разьвіцьцю стратэгічных добрасуседзскіх дачыненьняў паміж Беларусьсю і Польшчай, выказаў сваю згоду і салідарнасьць з заяваю Старшынёўства Эўразьвязу ад 2 жніўня 2005 г. У заяве Рады БНР адзначаецца таксама, што “ад часу свайго ўтварэньня ў 1918 г. Рада і ўсе ўрады Беларускай Народнай Рэспублікі на Бацькаўшчыне і ў выгнаньні заставаліся пасьлядоўна адданыя прадстаўленьню ды абароне інтарэсаў нацыянальных меншасьцяў у Беларусі”.

Рада БНР “прызнае, што з увагі на гэтыя стандарты ды міжнародныя пагадненьні, міжнародная супольнасьць мае права і абавязак ужываць захады, адпаведныя ў міжнародных дачыненьнях, для выкананьня гэтых нормаў рэжымам, што пануе ў Беларусі”. “Любыя дзеяньні ў парушэньне зазначаных нормаў пазбаўлены легітымнасьці, а ўсе наступствы, якія могуць паўстаць у выніку гэткіх палітычных дзеяньняў, ня маюць праўнае моцы”, – гаворыцца ў заяве Рады БНР.
XS
SM
MD
LG