Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Я й мае знаёмыя не жадаем жыць так, як жывуць у Польшчы...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Беларуска-польскі канфлікт, выкліканы сытуацыяй вакол Саюзу палякаў Беларусі, застаецца адной з найбольш вострых праблем апошняга часу, да якой прыцягнута грамадзкая ўвага ў абедзьвюх краінах. На гэтую ж тэму працягваюць дасылаць лісты й нашы слухачы.

Аўтар аднаго зь іх — Яніна Кучынская з Воранава — рэгіёну, дзе польская меншасьць складае значную частку насельніцтва.

“Я — пэнсіянэрка, вольнага часу хапае, слухаю розныя радыёстанцыі й цудоўна бачу, дзе праўда, а дзе — хлусьня. Вось вы раіце нашаму народу браць прыклад з польскай рэвалюцыі 1980-га году. Але навошта нам іхная рэвалюцыя? Я й мае знаёмыя ня хочам жыць так, як жывуць у Польшчы. Там для простага чалавека няма нічога добрага. Вялікае беспрацоўе. Уся моладзь бегае па Эўропе — шукае, дзе зарабіць капейку. Пэнсіянэры аддаюць усе свае пэнсіі на камунальныя паслугі, лекі ды дактароў… Я ўсё гэта добра ведаю, бо ў мяне там сваякі.

А як жыве Прыбалтыка? У вёсках уся гаспадарка закінута. Ды й у гарадох працы няма. Моладзь па Эўропе чысьціць туалеты капіталістам. Старыя дажываюць свой век. Уся іхная тэрыторыя неўзабаве будзе аддадзена амэрыканцам пад базы й палігоны. Калёнія, адным словам.

А ў нас у Беларусі ўлада народная, а жыцьцё з кожным годам становіцца ўсё лепшым. За ўсё маё жыцьцё ў нас такога добрага ўраду яшчэ не было. Лукашэнка аддае ўсё сваё здароўе, усе сілы для свайго народу. А ня дай Бог уладу возьме апазыцыя — усе мы станем рабамі капіталістаў.

Балюча слухаць пра ўсю гэту бойку, якую распачалі палякі супраць Беларусі пад дыктоўку Буша. Якой свабоды нам не хапае? Глядзім — што хочам, чытаем што ўздумаецца. Усяго хапае: жыві ды радуйся. Міліцыя ахоўвае ад хуліганаў. Жывём спакойна, добра. Чаго яшчэ трэба? Засумавалі па алігархах? Каб усё, што належыць народу, перайшло ў рукі некалькіх багацеяў і яны намі кіравалі? Ня дай Бог, каб такое з намі калі-небудзь адбылося”.

Так, спадарыня Кучынская, моладзь і ў Польшчы, і ў краінах Балтыі шмат падарожнічае, часта езьдзіць на заробкі ў эўрапейскія краіны. Аднак, заўважце, ніхто адтуль ня едзе на заробкі альбо на сталае месца жыхарства ў Беларусь. Вы не задумваліся, зь якой прычыны так адбываецца, калі, паводле Вас, у Беларусі і беспрацоўя няма, і заробкі добрыя, і жыцьцё спакойнае?

З тым, што ў Беларусі можна чытаць і глядзець — што хочаш, таксама хочацца паспрачацца. Беларускія тэлеканалы (а іншыя на большай частцы тэрыторыі Беларусі прымаць немагчыма) — усе дзяржаўныя, на іх адлюстроўваецца толькі адзін пункт гледжаньня, іншадумцам допуску туды няма. Недзяржаўнай палітычнай прэсы ў Беларусі таксама амаль не засталося: некалькі газет, якія пакуль друкуюцца, зазнаюць вялікі ўціск, перашкоды з распаўсюдам — і таму да правінцыі часта не даходзяць.

І апошняе. Свабода не распаўсюджвае заклікаў да якіх бы ні было рэвалюцый, як і ўвогуле падбухторваньняў ці падахвочваньняў да гвалтоўных дзеяньняў. Мы распаўсюджваем навіны й меркаваньні. Для Беларусі гэта асабліва актуальна, бо многія людзі ня маюць вольнага доступу да аб’ектыўнай і рознабаковай інфармацыі пра жыцьцё ў сваёй краіне.

Наш слухач Максім Лыч зь Менску разважае пра тое, якімі ў Беларусі будуць прэзыдэнцкія выбары 2006-га году.

“Вынік іх прадвызначаны ўжо сёньня, — лічыць Максім Лыч. — Скончацца яны так званай “элегантнай перамогай” аднаго ўсім вядомага палітыка. Паводле дзейнага выбарчага Кодэксу, правесьці ў Беларусі сапраўдныя справядлівыя выбары немагчыма. Пры такім кодэксе Аляксандра Рыгоравіча на беларускіх выбарах сам Ісус Хрыстос не пераможа. Але як дамагчыся, каб выбарчае заканадаўства ў Беларусі было дэмакратычым?”

Далей у сваім лісьце Максім Лыч дае ўласны адказ на гэтае пытаньне:

“Усе дэмакратычныя краіны Захаду — Эўразьвяз, ЗША, дзяржавы, якія жадаюць далучыцца да Эўразьвязу (у тым ліку, Украіна й Грузія) павінны забараніць уезд на сваю тэрыторыю беларускім чыноўнікам, якія ўдзельнічаюць у фальшаваньнях вынікаў выбараў або спрыяюць такім фальшаваньням. У гэты сьпіс, на маю думку, павінны трапіць кіраўнікі выбарчых камісій усіх узроўняў, усе старшыні раённых і абласных выканкамаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія не жадаюць дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства.

І гэта зусім ня будзе ўмяшаньнем у нашыя ўнутраныя справы: беларускі народ такую забарону толькі падтрымае. А вось для чыноўнікаў гэта будзе вялікім ударам. Яны ж любяць езьдзіць за мяжу — нібыта пераймаць досьвед. Для многіх такія паездкі сталі неблагім сродкам дадатковых прыбыткаў (за кошт камандзіровачных). А ніякага досьведу яны адтуль усё роўна не прывозілі”.

Гэты спосаб узьдзеяньня на асобных службовых асобаў ня новы, спадар Лыч. Адносна некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да палітычных зьнікненьняў, такая забарона на ўезд у краіны Захаду ўжо дзейнічае. З боку апазыцыі ня раз гучалі прапановы значна пашырыць гэты сьпіс — прыблізна да таго ж аб’ёму, які прапануеце й Вы. Але, відавочна, заходнія краіны кіруюцца прынцыпам, паводле якога ўводзіць такія дыскрымінацыйныя абмежаваньні варта да тых канкрэтных асоб, якія сапраўды вінаваты за даказаныя парушэньні, а не агулам — да ўсіх чыноўнікаў, толькі за тое, што яны займаюць нейкія пасады.

Заняпад беларускай мовы й трывога за ейную будучыню — тэма многіх лістоў на Свабоду.

“На маю думку, маюць рацыю тыя слухачы, якія лічаць, што ў сытуацыі вінавата ня толькі дзяржава, але й мы самі — грамадзяне краіны, — піша Ільля Копыл зь Менску. — Чакаць, што рэжым штосьці зробіць дзеля разьвіцьця нашай мовы — марна. Калі б большасьць насельніцтва стала размаўляць па-беларуску, дык і чыноўнікі змушаны былі б перайсьці на мову. Але ў людзей, на жаль, не хапае рашучасьці. Аднак і прымушаць чалавека размаўляць на беларускай мове — памылкова й шкодна. Гэтым мы яго толькі адштурхнём і ад мовы, і ад Беларусі. А нам нельга, недапушчальна губляць сваіх прыхільнікаў па дарозе, якая нас вядзе й прывядзе да Беларусі”.

Далей у сваім лісьце Ільля Копыл зь Менску апісвае эпізод, сьведкам якога ён быў на прэзэнтацыі кнігі “Наш Быкаў”. Выступаў былы афіцэр савецкіх спэцслужбаў, якога калісьці спэцыяльна накіравалі ў Горадню, каб сачыў за Быкавым. Але ў яго зь пісьменьнікам наладзіліся добрыя адносіны. І вось гэты былы вайсковец выступаў па-расейску. Далей цытую ліст Ільлі Копыла:

“І раптам з залі адна жанчына выгукнула: “Чаму не гаворыце па-беларуску?”. Гэта выглядала і сьмешна, і ня надта прыгожа. Такія выкрыкі я не аднойчы чуў на мітынгах. Я сам — былы вайсковец, 27 гадоў праслужыў у Савецкай арміі на тэрыторыі Расеі, і ад роднай мовы ў мяне нічога не засталося.

Раней, у 90-х гадох, я шмат разоў выступаў на мітынгах. Цяпер не выступаю: адчуваю сябе няўтульна якраз з прычыны мовы. Часам і ёсьць патрэба выказацца, але мяне спыняюць якраз такія выкрыкі. Цалкам магчыма, што гэта — правакатары. Я неаднойчы сустракаўся й размаўляў зь Вінцуком Вячоркам, Вячаславам Сіўчыкам, Уладзімерам Юхо, Юрасём Беленькім — і ніхто зь іх не папракнуў мяне за “трасянку”. І за гэта ім дзякуй. А я тым часам вучуся размаўляць па-беларуску”.

(Заўважу, што ўсе свае лісты на Свабоду слухач піша на добрай беларускай мове.)

На першы погляд, зачараванае кола атрымліваецца: дзяржава ня дбае пра мову, бо мова не запатрабавана ў грамадзтве; а большасьць грамадзтва не размаўляе па-беларуску, бо русыфікацыю падтрымлівае дзяржава.

Тая праграма адраджэньня мовы, якую прыняў Вярхоўны Савет БССР яшчэ напрыканцы 80-х гадоў, была арыентавана зусім не на прымус, а на вельмі павольнае, разьлічанае на дзесяцігодзьдзі вяртаньне мовы ў грамадзкі ўжытак — найперш у сыстэму адукацыі й справаводзтва. І ніхто нікому не дыктаваў, на якой мове размаўляць у побыце ці на сходах. Быў зусім рацыянальны падыход: паступова стварыць такія ўмовы, каб чалавек сам быў зацікаўлены ў веданьні мовы, якая запатрабавана і ва ўнівэрсытэце, і на працы, і ў грамадзкіх месцах. Але ўсё скончылася ў 1995-м годзе вядомым рэфэрэндумам, які паклаў канец працэсу адраджэньня мовы.

Гэты заняпад адбіваецца й на стаўленьні да статусу беларускай мовы за мяжой. Як вядома, цяпер шырока абмяркоўваецца рашэньне Эўракамісіі распачаць вяшчаньне радыёстанцыі “Нямецкая хваля” на Беларусь па-расейску.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Міхаіл Дубнікаў зь вёскі Запур’е Гродзенскага раёну, Васіль Малікаў зь Беразіна, Мікола Канаховіч з Пружан і Анатоль Жэрдзеў з Гомелю.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду йі нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG