Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цікавы, як Марцін да кавы


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Вызначэньне цікавы, як Марцін да кавы, падаецца, дастаткова позьняга паходжаньня: чуцён у ім гаркавы пах цывілізацыі. А ўсё ж па савецкіх вёсках век ня чулі, што заморская кава – ласунак райкамаўскіх дзядзькоў – з чорных зярнятак мелецца. Дый не задумляўся асабліва ніхто. Каторага ж занадта панаднага адразу адхрышчвалі: цікавы, як Марцін да кавы.

Пачула я пра таго цікаўнага Марціна ад эмігранткі з Амэрыкі. Стаміўшыся ад бясконцых сынавых роспытаў, яна ўрэшце адмахнулася: “Цікавы, як Марцін да кавы”. Тут хлопец і запатрабаваў: “Хачу кавы!” Ехалі мы аўтобусам з Полацку ў Вільню, а пятай раніцы. Наваяўлены Марцін аніяк ня верыў, што ў вёсках і ў паміне няма кавярні. Хіба каторая бабуля, выганяючы на пашу карову, вохкне: “Мо, калі й жыў тут, дзеткі, які Кава, ды не за маёй памяцьцю...” Акурат гэтак няўцямна дзячылі ў лісьце ў Амэрыку сваякі зь Піншчыны за пасылку з чужаземнымі прысмакамі: “Усё ўпадабалі. Толькі чорную пасольку варылі-варылі – не разварваецца”.

Судзяць людзі цікаўнасьць ці не зажорстка: цікаўнай Амілі нос прышчамілі; цікаўная Тэкля палезе і ў пекла; на цікаўныя вочы парушынкі падаюць. Цяпер, праўда, хутчэй, па-расейску секануць: любопытной Варваре нос оторвали.

А ўсё-ткі малацікаўны мы народ: кава й дасюль пасолькай здаецца. І, мабыць, кплівае цікавы, як Марцін да кавы выдае патайны беларускі характар...

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
XS
SM
MD
LG