Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: “Тым, хто разумее, што адбываецца, нельга маўчаць”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць сёньняшняга эфіру – лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка. Палітык гаворыць пра пэрспэктывы абраньня адзінага апазыцыйнага кандыдата, ацэньвае расейскія кантакты беларускай апазыцыі, камэнтуе рашэньне “Нямецкай хвалі” перадаваць на Беларусь па-расейску.

(Караткевіч: ) “Пачнем з падрыхтоўкі да выбараў прэзыдэнта ў 2006 годзе. З Вашых назіраньняў, наколькі эфэктыўная працэдура абраньня адзінага апазыцыйнага кандыдата, якая цяпер рэалізуецца?”

(Вячорка: ) “Мы ня зможам перамагчы рэжым, што пануе сёньня ў краіне, без структураваньня ўсіх дэмакратычных сілаў, якія хочуць праводзіць рэальную работу, якія рэальна хочуць перамагаць. Адзіны кандыдат – гэта асноўны элемэнт аб’яднанай структуры дэмакратычных сілаў. Тое, што мы цяпер аб’яжджаем усю краіну і праводзім у кожным адміністрацыйным раёне сходы з колькасьцю ўдзельнікаў, ня меншай за 25 чалавек, – гэта па-свойму беспрэцэдэнтна для апошніх гадоў нашай палітычнай гісторыі. Адбываецца ня проста інфармаваньне – мы ўздымаем настрой мясцовых дэмакратычна арыентаваных людзей усіх партыйных прыналежнасьцяў, і адбываецца рэальнае аб’яднаньне гэтых людзей – на месцах і ў маштабе ўсяе краіны”.

(Караткевіч: ) “На Вашую думку, якога альтэрнатыўнага кандыдата могуць падтрымаць жыхары Беларусі – у прыватнасьці тыя, якіх Вы згадалі, якія хочуць пераменаў?”

(Вячорка: ) “У першую чаргу таго, які здольны ўзьняцца над групавымі і асабістымі інтарэсамі, таго, які здольны кансалідаваць вакол сябе людзей з розных партыяў, розных рэгіёнаў, і, натуральна, таго, хто, што называецца, не “саскочыць”, а будзе пасьлядоўна ісьці вызначаным шляхам”.

(Караткевіч: ) “Чаму Вы асабіста ня вылучылі сваёй кандыдатуры на ролю адзінага кандыдата?”

(Вячорка: ) “У нас ужо не бракуе лідэраў палітычных партыяў, якія заявілі пра свой удзел у кампаніі вызначэньня адзінага. І гэтую практыку трэба было нейкім чынам перапыняць. Мы спыніліся на падтрымцы беспартыйнага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. Мы сымпатызуем Мілінкевічу, бо ён падзяляе многія каштоўнасьці, якіх трымаемся мы, і разам з тым у яго ёсьць моцны кансалідатарскі патэнцыял”.

(Караткевіч: ) “Учора ў інтэрвію “Свабодзе” журналіст Павел Шарамет адзначыў, што галоўны варыянт Крамля – гэта аб’яднаньне, аб’яднаньне ў любой форме. Наколькі моцны расейскі фактар у палітычных кантактах беларускай апазыцыі? Хто з прадстаўнікоў апазыцыі, на Вашую думку, спадзяецца, што Крэмль на цяперашнім этапе падтрымае ініцыятара пераменаў у Беларусі?”

(Вячорка: ) “Я думаю, у першую чаргу тыя, хто ня мае за плячыма арганізацыйнага досьведу ва ўмовах антыдэмакратыі, тыя, хто ня мае за плячыма структураў палітычных партыяў. Яны спадзяюцца то на Крэмль, то на мітычную сілу старой намэнклятуры, то яшчэ на нейкія чароўныя піараўскія схемы”.

(Караткевіч: ) “Вы – адзін з тых, хто катэгарычна выступіў супраць вяшчаньня радыёстанцыі “Нямецкая хваля” на Беларусь па-расейску...”

(Вячорка: ) “Што да мовы перадаваньня “Нямецкае хвалі”, то гэтае пытаньне мае цяпер перадусім палітычнае значэньне. Эўракамісія правяла тэндэр, выдзеліла параўнальна нязначную суму на параўнальна нязначны этэрны час, і, такім чынам, прынцыпова гэтае новаўвядзеньне ў этэры нічога не мяняе. Але закладаецца матрыца, стаўленьне да Беларусі, да беларускага народу, да працэсаў фармаваньня беларускае дэмакратычнае нацыі. І тут тым, хто разумее, што адбываецца, ні ў якім разе нельга маўчаць.

Нельга стасаваць да краінаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы падыходы, звыклыя для краінаў з даўняй стабільнай дэмакратыяй, для сфармаваных нацыянальных дзяржаваў. Зрэшты, і для Заходняй Эўропы ёсьць выняткі. Прыкладам, не далей як у чэрвені сёлета ірляндзкая гаэльская мова была прызнаная 21-аю афіцыйнаю моваю Эўрапейскага Зьвязу, хаця некаторыя прарочылі ёй пахаваньне.

Тут не пытаньне камунікацыі, эфэктыўнасьці дастаўкі інфармацыі. Успомнем, што камуністычная ўлада, якая дбала пра эфэктыўнасьць прапаганды, прамываньне мазгоў, тым ня менш, усе выпускі навінаў у тэлевізіі і ў радыё пускала па-беларуску.

(Караткевіч: ) “Апошнімі днямі мы атрымалі шмат крытычных званкоў на тэму будучага перадаваньня на Беларусь “Нямецкай хвалі”. Адзін з слухачоў выказаў меркаваньне, што іншым магло б быць разьвіцьцё сытуацыі, калі б да нямецкіх уладаў зьвярнуўся ў гэтым пытаньні ценевы беларускі ўрад. Што Вы думаеце пра магчымасьць стварэньня такога ўраду?”

(Вячорка: ) “Стварэньне ценевага ўраду – гэта складовая частка структураваньня беларускіх дэмакратычных сілаў. На парадку дня ў гэтым працэсе выбар адзінага кандыдата, стварэньне эфэктыўнага штабу правядзеньня палітычнай інфармацыйнай і агітацыйнай кампаніі, збор спэцыялістаў, адказных за распрацоўку канцэпцыі разьвіцьця таго ці іншага кірунку эканомікі, навукі, функцыянаваньня дзяржавы, і, нарэшце, паразуменьне ўнутры кааліцыі, якая ўжо існуе некалькі гадоў, але пасьля вызначэньня адзінага кандыдата яна сутыкнецца з новым выклікам – з праблемаю амбіцыяў і рэсурсу тых, хто ня стане адзіным кандыдатам.

Але ўсе гэтыя элемэнты аб’яднаньня дэмакратычных сілаў будуць эфэктыўныя пры ўмове, калі за імі будуць стаяць дзясяткі тысячаў актывістаў і сотні тысячаў, мільёны сымпатыкаў”.

(Караткевіч: ) “Вінцук, ці верыце Вы самі ў тое, што будзе абраны адзіны кандыдат?”

(Вячорка: ) “Я раблю ўсё для таго, каб ён быў абраны. І, натуральна, ён будзе абраны”.

(Караткевіч: ) “А якое Вашае бачаньне разьвіцьця сытуацыі, калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе пасьля 2006 году? Ці будзе гэта яшчэ большая ізаляцыя Беларусі, ці пойдзе Лукашэнка далей у інтэграцыі з Расеяй?”

(Вячорка: ) “Ізаляцыя працягваецца цяпер. Апошнія праявы гэтага мы бачылі ў выніку канфлікту вакол Саюзу палякаў. З Расеяй ён будзе спрабаваць цягнуць час – натуральна, не для выратаваньня незалежнасьці Беларусі, а дзеля таго, каб самому перахапіць інтэграцыйнае стырно і ўскочыць на расейскую палітычную прастору, але толькі тады, калі яму самому гэта будзе выгадна. Гэта вельмі рызыкоўная гульня. Зь яе нічога не атрымаецца, яна якраз можа прывесьці да страты нашае незалежнасьці”.

(Караткевіч: ) “І пры канцы яшчэ пытаньне не палітычнае. Што ў сучаснай беларускай літаратуры, музыцы Вы лічыце самым вялікім дасягненьнем за апошнія гады?”

(Вячорка: ) “Што да музыкі, то, безумоўна, гэта ўвесь корпус творчасьці забароненых гуртоў. Гэта музыка беларускага чорнага сьпісу.

Што да беларускае літаратуры, то гэта тое рэха быкаўскай творчасьці, якое даносіцца да нас, – публікацыі дагэтуль нязнаных публіцы твораў Быкава. І гэта творчасьць тых нашых як празаікаў, так і паэтаў, якія не сядзяць у вежы з слановай косьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG