Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці меў рацыю дырэктар Дому польскага з Шчучына?


Іна Студзінская, Менск У выходныя Беларуская тэлевізія паказала сюжэт, як беларускіх дзетак са Шчучыну, нібыта, не пусьцілі на адпачынак у Польшчу: маўляў, у апошні момант палякі адклікалі свае запрашэньні. Беларускія ўлады не пакінулі дзетак у бядзе й уладкавалі ў лепшы на Гарадзеншчыне летнік “Купалінка”, дзе ў разгар сэзону знайшлося больш за 40 вольных месцаў. Але ж дачку дырэктара Шчучынскага Польскага Дому спадара Богдана Вікторыю выключылі з Мазурскага ўнівэрсытэту ў Польшчы.

Паводле словаў дырэктара Польскага Дому ў Шчучыне Віктара Богдана, штогод дзеці, якія вывучаюць польскую мову, выяжджалі ў розныя гарады Польшчы — Варшаву, Седльцэ, Торунь, на Мазуры. Што тычыцца канкрэтнай сытуацыі — адкуль былі запрашэньні сёлета, куды дзеці павінны былі ехаць — гутару са спадаром Богданам:

(Карэспандэнтка: ) “А сёлета куды канкрэтна павінны былі паехаць дзеці?”

(Богдан: ) “Сёлета ў нас было 8 запрашэньняў. Але лета пачалося з таго, што паступалі запрашэньні, а наўздагон ішлі лісты, факсы: “на жаль, ня можам прыняць". Адмовіла нам Олецко, адмовіла Варшава, адмовіла Торунь. Мы ня сталі разьбірацца ў падрабязнасьцях. Але гэта ўсё таму, што менавіта я не падтрымаў палітыкі новых правадыроў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс”.

Якія арганізацыі, хто канкрэтна запрашаў шчучынскіх дзяцей, — застаецца таямніцай, якое спадар Богдан не раскрыў.

Паводле інфармацыі “Комсомольской правды” в Белорусии”, да прыкладу, у польскі горад Олецко шчучынскіх дзяцей ніхто й не запрашаў: бургамістар Олецко Хенрык Тшнадэль распавёў пра прыезд у траўні юных футбалістаў са Шчучыну. Але пра тое, што летам у гарадок таксама павінны былі прыехаць беларускія дзеткі, чуе ўпершыню. Шукаць у амаль двухмільённай Варшаве арганізацыі ці людзей, што запрашалі шчучынскіх дзяцей, — тое самае, што шукаць голку ў стозе сена...

Старшыня Зьвязу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс, якую спадар Богдан лічыць вінаватай за сытуацыю зь дзецьмі, вельмі зьдзівілася, што палякі быццам бы не прынялі шчучынскіх дзетак.

(Борыс: ) “На сёньняшні дзень больш за 500 дзяцей зь Беларусі выехалі на экскурсіі ў Польшчу, у тым ліку, і са Шчучына. З кім Богдан што арганізоўваў, я ня ведаю. Сёньня можна сказаць што хочаш — каго хто не прыняў. Але факт, што дзеці са Шчучыну выехалі”.

(Карэспандэнтка: ) “А такога, каб палякі адмовілі дзецям, не было?”

(Борыс: ) “Абсалютна. Ніколі такога не было, ніколі ніхто не адмаўляў, Абсалютна!”

Што да сытуацыі з выключэньнем Вікторыі Богдан з Мазурскага ўнівэрсытэту, ейны бацька Віктар Богдан распавёў наступнае:

(Богдан: ) “Калі мая жонка паехала высьветліць, як, што й чаму, рэктар сустракацца зь ёю адмовіўся, а сакратарка сказала: "Трэба чытаць газэты, слухаць радыё, глядзець тэлебачаньне, чаму ёй адмовілі”. Таму што я не падтрымаў палітыкі Анжалікі Борыс”.

Анжаліка Борыс сьцьвярджае, што Вікторыя Богдан вучылася не ва ўнівэрсытэце, а ў ліцэі, скончыла 3 курсы Мазурскага ліцэю.

(Борыс: ) “У яе сярэдні бал быў нізкі. Ведаю тое, што падало Міністэрства адукацыі Польшчы: Вікторыя мела нізкі прахадны бал. Яна атрымала няпоўную вышэйшую адукацыю. Дзеля таго, каб атрымаць тытул магістра, яна зьвярнулася ў Гданьскі ўнівэрсытэт. А там прымаюць, калі набіраеш адпаведны прахадны бал. Ёй прапанавалі, каб на першым курсе яна была вольным слухачом. Яна адмовілася”.

Міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў аддаў асабістае распараджэньне, каб Вікторыю Богдан залічылі адразу на ІV курс Лінгвістычнага ўнівэрсытэту ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG