Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вышэйшы гаспадарчы суд сёньня распачаў разгляд справы “Джэм-Банку”


Юлія Шарова, Менск Памянёны банк дамагаецца праз суд даказаць, што пастанова Нацбанку пра ўвядзеньне часовай адміністрацыі ад 25 ліпеня была незаконнай. Нацбанк, між тым, пасьпеў гэтую пастанову адмяніць, затое ўвёў для “Джэм-Банку” ліцэнзійныя абмежаваньні.

У часе папярэдняга судовага паседжаньня, якое вёў судзьдзя Анатоль Гарноўскі, прадстаўнік “Джэм-Банку” Ігар Петухоў заявіў, што Нацбанк ня меў законных падстаў для ўвядзеньня часовай адміністрацыі. Незаконным пазоўнік лічыць і прызначэньне “Белгазпрамбанку” кіраўніком часовай адміністрацыі, бо гэты банк зьяўляецца, нібыта, зацікаўленым бокам. “Там ёсьць пэўныя супольныя фінансавыя справы, яны прынесьлі ўжо “Джэм-Банку” страты”, — заявіў спадар Петухоў.

Паводле прадстаўнікоў Нацбанку, яны мелі права ўводзіць часовую адміністрацыю на падставе праверак і бягучага нагляду. Любая пацьверджаная інфармацыя наконт фінансавых праблем у камэрцыйных банках можа прывесьці да такога захаду.

Праблемы ў “Джэм-Банку” былі. Большая частка ягоных актываў належала нерэзыдэнтам Беларусі, плацёжаздольнасьць якіх — цьвердзяць у Нацбанку — выклікае сумневы. Дый паказьнікі працы былі не бліскучыя: уласны капітал за апошнія дванаццаць месяцаў зьнізіўся на 30 адсоткаў. Да таго ж, ён не вытрымлівае мінімальных нарматываў для памераў уласных рэзэрваў.

Зацікаўленасьць “Белгазпрамбанку” адказчык таксама адпрэчвае: у ліпені гэтага году на карэспандэнцкім рахунку “Джэм-Банку” ў гэтым банку грошай не было. “Белгазпрамбанк” такога рахунку ў падапечнай установе ня меў наагул. Да таго ж, кіраўнік гэтага банку мае атэстат антыкрызыснага мэнэджэра, выдадзены Міністэрствам эканомікі.

Пакуль у папярэднім судовым паседжаньні абвешчаны перапынак да 12 жніўня: “Джэм-Банк” рыхтуе новыя доказы. Прадстаўнік пазоўніка Ігар Петухоў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што судзіцца з Нацбанкам мэтазгодна, хоць часовую адміністрацыю адмянілі.

(Петухоў: ) “Магчымасьць у законным парадку абараняць свае інтарэсы й правы прадугледжана заканадаўствам. На думку кіраўніцтва, неабходна ўсё ж разьвязаць гэтую спрэчку па сутнасьці, каб суд даў патрэбную ацэнку законнасьці гэтага акту — незалежна ад таго, адменены ён ці не”.

Спадар Петухоў таксама паведаміў, што ў Вышэйшы гаспадарчы суд накіравана яшчэ адна заява: аб прызнаньні незаконным рашэньня Нацбанку аб увядзеньні ліцэнзійных абмежаваньняў для “Джэм-Банку”. Нагадаем, што гэты банк цяпер пазбаўлены права ажыцьцяўляць практычна ўсе прыбытковыя апэрацыі.
XS
SM
MD
LG