Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расейская радыёлякацыйная станцыя – пагроза для Беларусі”


Севярын Квяткоўскі, Менск “Расейская радыёлякацыйная станцыя – пагроза для Беларусі” – пад такой назвай 10-га жніўня распачалася акцыя, якую арганізавалі сябры Партыі БНФ. Акцыя скіраваная супраць знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі расейскай радыёлякацыйнай станцыі (РЛС) “Волга”. Станцыя месьціцца ў Клецкім раёне на мяжы з Ганцавіцкім. Сёлетняя акцыя – чарговая: у мінулыя гады моладзь таксама пратэставала супраць знаходжаньня расейскіх вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі.

Удзельнікі акцыі – пераважна маладыя сябры Партыі БНФ зь Менску, Салігорску, Вілейкі і Бабруйску. Яны ставяць за мэту распаўсюд вуснай і друкаванай інфармацыі сярод мясцовага насельніцтва пра шкоду РЛС.

Паводле аднаго зь ініцыятараў Паўла Батуева, знаходжаньне станцыі шкоднае як зь экалягічнага, гэтак і з гуманітарнага і палітычнага гледзішча. Афіцыйнага прызнаньня шкоднасьці моцнага электрамагнітнага выпраменьваньня, што сыходзіць з РЛС, няма. Але ўдзельнікі акцыі мяркуюць, што сам факт знаходжаньня расейскага вайсковага аб’екту на тэрыторыі Беларусі яшчэ больш аддаляе пэрспэктыву вяртаньня краіны ў Эўропу:

(Батуеў:) “Тут яшчэ ёсьць эканамічны момант. Напрыклад, калі Азэрбайджан мае нейкія грошы, прычым даволі неблагія, за тое, што такі аб’ект знаходзіцца на іхнай тэрыторыі, то Беларусь – нічога. Такі сцэнар малаверагодны, але калі раптам у Расеі будзе нейкі канфлікт, то па РЛС, якая знаходзіцца на нашай тэрыторыі, будзе нанесены адзін зь першых удараў”.

У 2003 годзе падобная акцыя ладзілася ў Вілейскім раёне, дзе месьціцца пункт сувязі расейскай марской авіяцыі. Тады ўдзельнікі прайшлі больш за сто кілямэтраў па навакольных вёсках, раздаючы ўлёткі. У 2004 годзе акцыя ладзілася супраць РЛС “Волга”, але ўдзельнікі прайшлі значна менш за сто кілямэтраў, бо сустрэлі перашкоды з боку міліцыі Клецкага і Ганцавіцкага раёнаў, а таксама з боку расейскіх вайскоўцаў.

Сёлета ўдзельнікі акцыі хочуць наладзіць болей сустрэчаў з жыхарамі райцэнтраў – Клецку і Ганцавічаў, а таксама плянуюць наведаць вёскі, якія не пасьпелі наведаць летась.

Папярэдні досьвед паказаў, што мясцовыя жыхары без агрэсіі ўспрымаюць удзельнікаў акцыі “РЛС – пагроза Беларусі”. Але ўласна да вайсковага аб’екту ставяцца з прыхільнасьцю, бо расейскія вайскоўцы даюць многім зь іх працу, якая добра аплачваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG