Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сны цыганоў ...па-беларуску і па-ангельску


Валеры Каліноўскі, Менск У Віцебску выйшла ўнікальная для Беларусі кніга цыганскай паэзіі “Сны цыганоў”. Вершы цыганскага аўтара Вальдэмара Калініна па-цыганску й у перакладзе на беларускую й ангельскую мовы адкрываюць новую старонку ў міжнацыянальных культурных кантактах. Гэта першае падобнае выданьне паэзіі прадстаўніка цыганскае меншасьці ў Беларусі.

Пра цыганоў пісалі многія вядомыя паэты й пісьменньнікі. Але, на думку Вальдэмара Калініна, толькі ў рэдкіх выпадках яны праўдзіва адлюстроўвалі сьветапогляд, псыхалёгію й душу цыганоў. Спадар Калінін, цыганскі паводле нараджэньня й сьветаадчуваньня паэт, паспрабаваў паказаць цыганоў такімі, якімі яны ёсьць насамрэч, падаў свае развагі пра іхны лёс, самабытнасьць, іхны цяперашні стан ува ўмовах аселасьці. У цыганскім успрыняцьці падаецца й беларуская зямля: Вушаччына, Паставы, Браслаў…

Кніга Вальдэмара Калініна — адзіная ў беларускай літаратуры, у якой вершы пададзены на цыганскай мове, — гаворыць перакладчыца некаторых твораў зборніка Яўгенія Мальчэўская.

(Мальчэўская: ) “Таксама ёсьць такія вершы, можа, нават шматлікія, якія блізкія й для беларускай паэзіі гэтага часу: тэмы шкадаваньня аб страце мовы, музычна-сьпеўнай культуры, таго, што некалі вызначала гэты народ сярод іншых”.

Цыганская мова ў кнізе Вальдэмара Калініна падаецца ў беларускай кірылічнай графіцы — з “ў” “дж” і “дз”, якія перанялі ў сваю мову беларускія цыганы. Графіку Вальдэмар Калінін распрацоўваў сам, беручы за аснову дыялекты беларускіх цыганоў. Стаўленьне да роднай мовы аўтар паказаў у сваім вершы “Цыганская мова”, які пераклаў на беларускую Рыгор Барадулін:

Памяць ад цыганоў засталася “Раманэс” — кожны гук яе люб, Гэтай мове бацькоў цыганяты Навучаюцца з матчыных губ. Хай на словы яна небагата, Захавала пласты даўніны. Беларускія словы і гукі У цыганскай гаворцы чутны. Каб сьвяцейшым зрабілася сьвята, Дзецям даць трэба мову бацькоў. І пісьмовай цыганская мова Мусіць стаць — спадкаемца вякоў.

Пра значнасьць унікальнай кніжкі Вальдэмара Калініна гаворыць віцебскі паэт Уладзімер Папковіч.

(Папковіч: ) “Гэта будзе помнік нашай культуры. Сам факт, што ён напісаў па-цыганску, а мы яго пераклалі, выдалі — гэта факт нашай агульнай культуры”.

Вальдэмар Калінін свой першы верш апублікаваў у 1957 годзе на беларускай мове. У той жа час пачаў пісаць па-цыганску. У сярэдзіне дзевяностых у выдавецтве “Мастацкая літаратура” спрабавалі выдаць ягоныя вершы ў перакладзе на беларускую, але тады праект ня быў рэалізаваны.

Зрабіў Вальдэмар Калінін і яшчэ адну вельмі важную для сваёй нацыі справу — у 2001 годзе закончыў пераклад Бібліі на цыганскую мову. З 1996 году ён стала жыве ў Лёндане, працуе настаўнікам-кансультантам ў Дэпартамэнце адукацыі Вялікабрытаніі.

…У Беларусі цяпер жыве каля 17 тысяч цыганоў. На тэрыторыі краіны яны зьявіліся ў пачатку 16 стагодзьдзя. Другі статут ВКЛ, дарэчы, зафіксаваў надзвычай цярплівае стаўленьне да цыганоў. Спробы стварэньня цыганскай пісьменнасьці адносяцца да 20-30-х гадоў ХХ стагодзьдзя, калі ў Расеі зьяўляюцца кнігі й часопісы на цыганскай мове, пачынаюць творчасьць першыя цыганскія паэты й пісьменьнікі, цыганскі тэатар “Ромэн”.
XS
SM
MD
LG