Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовы камунальныя службы да надзвычайных сытуацый?


Галіна Абакунчык, Менск Ураганны вецер і моцны дождж, якія абрынуліся на Беларусь, сталіся прычынаю адключэньня электрычнасьці ў тысячах населеных пунктаў краіны. У Менску без сьвятла цягам ночы на 10 жніўня заставаліся некалькі жылых мікрараёнаў; перабоі з электрычнасьцю зьведалі шпіталі й прадпрыемствы, быў зьменены графік руху электрацягнікоў. Паваленыя дрэвы на вуліцах сталіцы, у гарадох і на аўтадарогах іншых рэгіёнаў застаюцца цягам наступнага дня. Ці падрыхтаваны былі камунальныя й выратавальныя службы краіны да надзвычайных умоваў надвор’я?

(Спадарыня: ) “У прынцыпе, я лічу, гатовы былі, бо гэта ж стыхійнае бедзтва. Сёньня, глядзіш, камунальнікі працуюць, нармалёва ўсё”.

(Спадар: ) “Ой, ня ведаю, як яны гатовы. Не гатовы яны”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці падрыхтаваны былі камунальныя й выратавальныя службы краіны да надзвычайных умоваў надвор’я?”

(Спадар: ) “Гатовы, канечне. Гэта ж нечакана, ня трэба ўжо так палохацца. Ну, што рабіць? Перажывём мы гэта”.

(Спадарыня: ) “Я адкажу так: не гатовы. Я ўчора падымалася на 12 паверх, як кажуць, сваім ходам. А ў мае 52 гады гэта ўжо цяжка. Трэба лепш рыхтавацца”.

(Спадар: ) “Мяркуючы са стану свайго двара на Ўсходзе, — не гатовы, напэўна. Хаця, што яны маглі зрабіць, калі дрэвы з карэньнем выварочвала? Іхная гатоўнасьць будзе ацэнена паводле таго, як яны гэта ўсё зьліквідуюць”.

(Юначка: ) “Мне здаецца: што ўчора можна было зрабіць? Нічога ж ня зробіш. А сёньня вунь прыбіраюць. І сьвятло ў нашым доме ўчора прападала, але вельмі хутка аднавілі таксама”.

(Спадар: ) “Па-мойму, на сто адсоткаў не гатовы. Мы ж бачым, колькі дрэваў пацярпелі, будынкі некаторыя. Быццам бы й штармавое папярэджаньне было, аднак стоадсоткавай падрыхтоўкі ўсё ж няма”.

(Юначка: ) “Ой, не. Ведаеце, не гатовы. Мне здаецца, нічога яны для гэтага не рабілі. Я, да прыкладу, далёка жыву. І калі сёньня ехалі да Менску, дык на дарогах вельмі шмат было паваленых ветрам дрэваў і вельмі цяжка было ехаць. А галоўнае — ніхто гэтых дрэваў не прыбіраў. А ў маёй бабулі ў вёсцы з учорашняга вечара сьвятла няма й ні радыё, ні тэлефон не працуюць”.

(Юнак: ) “Не, не гатовы. Бо штармавое папярэджаньне было абвешчана незадоўга, а за гэты час добра падрыхтавацца немагчыма. Да прыкладу, учора ў некаторых раёнах гораду не было сьвятла, таксама на чыгунцы быў прыпынены рух электрацягнікоў. Не, не гатовы былі”.

(Спадар: ) “Я думаю, не зважаючы на тое, што яны рыхтуюцца, яны недастаткова ўкамплектаваны людзьмі й патрэбнай тэхнікай. Трэба рабіць карэктыроўку на надвор’е”.

Гл. таксама • Ад стыхіі пацярпелі каля чвэрці населеных пунктаў Беларусі (фотарэпартаж)
XS
SM
MD
LG