Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 жніўня 1878 году прыйшоў на сьвет Еўсьцігней Міровіч


RFE/RL Каляндар “Свабоды”

Штогод 10 жніўня адзначаецца сьвята абраза Супрасьлеўскай Божай Маці. Пакланіцца цудадзейнаму абразу прыходзіць вялікае мноства пілігрымаў. А знаходзіцца абраз у старажытным храме на ўсходзе Польшчы, у Супрасьлі. У гэтым месцы традыцыйна жыве шмат праваслаўных беларусаў, таму на сьвяце і чуваць галоўным чынам беларускую мову і беларускія рэлігійныя сьпевы.

А ў беларусаў-каталікоў сёньня Лаўрын. “На Лаўрына, – казалі, – сьпяшай да млына”.

10 жніўня 1878 году прыйшоў на сьвет Еўсьцігней Міровіч, беларускі драматург і тэатральны рэжысэр. Міровіч ня толькі ставіў спэктаклі і граў на сцэне, але і пісаў п''есы. Іх назвы гавораць самі за сябе: “Машэка”, “Кастусь Каліноўскі”, “Каваль-ваявода”.

10 жніўня 1898 году нарадзіўся пісьменьнік Тадэвуш Далэнга-Мастовіч. Пісаў ён па-польску, але прыйшоў на сьвет у Беларусі, на Глыбоччыне. І ў празаічных творах Далэнгі-Мастовіча апісваецца сучасная яму міжваенная Беларусь. Да прыкладу, у рамане “Знахар”, паводле якога зьняты папулярны польскі фільм, паказваюцца рэальныя падзеі і людзі нашага краю, а прататыпам галоўнага героя стаў Рафал Чарвякоўскі, заснавальнік польскае хірургічнае школы, які быў родам з Астраўца. І сёньня памяць пра Далэнгу-Мастовіча зьберагаецца ў Глыбокім. На доме № 2 на вуліцы Савецкай у яго памяць устаноўлена мэмарыяльная табліца.

10 жніўня 1927 году ў Менску зьезд праваслаўных сьвятароў і вернікаў абвясьціў Беларускую аўтакефальную царкву. Старшыняваў на зьезьдзе біскуп бабруйскі Філарэт, бо ініцыятар аўтакефаліі мітрапаліт Мэльхісэдэк у той час сядзеў у бальшавіцкай турме. Да навастворанай аўтакефаліі належала 407 сьвятароў зь іхнымі прыходамі, г.зн. амаль усе прыходы Беларусі. Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква праіснавала 10 гадоў. У 1937-м усе сьвятары былі арыштаваныя НКВД і расстраляныя або загінулі ў канцлягерах.

10 жніўня 1874 году нарадзіўся літоўскі прэзыдэнт Антанас Сьмятона. Менавіта ён стаў увасабленьнем міжваеннае або ковенскае Літвы, калі ў літоўцаў завяршылася станаўленьне сучаснае нацыі. На гэты пэрыяд часта спасылаюцца беларускія патрыёты, калі тлумачаць, чаму ў Беларусі працэс фармаваньня нацыі затрымаўся. Маўляў, не было тых дваццаці гадоў самастойнасьці, якія мела Літва. Беларусь у той час была падзеленая паміж Савецкім Саюзам і Польшчай. Калі ў 1940-м Літву далучылі да СССР, Антанас Сьмятона эміграваў у Нямеччыну, але літоўскі народ ужо быў дастаткова сьведамы, каб пяцьдзесят гадоў чакаць свайго новага гістарычнага шанцу – незалежнае краіны.
XS
SM
MD
LG