Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: "Фактычна павялічваецца тэрмін пазбаўленьня мяне волі"


Браніслава Станкевіч, Віцебск. 31-га траўня суд у Менску прызнаў Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца вінаватымі ў арганізацыі 18 – 19 кастрычніка 2004 году масавых выступленьняў у Менску супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму.

Мікола Статкевіч ужо адбывае пакараньне – з 29-га ліпеня ён знаходзіцца ў Баранавічах, дзе з улікам абвешчанай ў часе сьледзтва амністыі павінен правесьці 2 гады. Асуджаны разам зь ім Павал Севярынец дагэтуль знаходзіцца ў Віцебску, бяз пашпарта і пад наглядам міліцыі.

Ужо два тыдні Павал Севярынец жыве бяз пашпарта, які ў яго забралі яшчэ 27-га ліпеня. Раз на два дні ён павінен тэлефанаваць у крымінальна-выканаўчую інспэкцыю, каб даведацца пра свой далейшы лёс. Учора ў Севярынца была чарговая безвыніковая тэлефонная размова, якая скончылася загадам зноў патэлефанаваць у пятніцу. Сваё няпэўнае становішча Павал Cевярынец акрэсьліў так:

(Севярынец: ) "Непрыемнасьць гэтага становішча палягае ў тым, што, паводле прысуду, мушу адбыць у зьняволеньні 2 гады, а фактычна ўжо некалькі лішніх месяцаў я жыву без прывядзеньня прысуду ў выкананьне, пад падпіскай аб нявыезьдзе жыву, некалькі тыдняў жыву бяз пашпарта. І кожны дзень чакаю, калі і куды мяне адправяць! Сэнс гэтага ўсяго я разумею: гэта псыхалягічны ціск. Сэнс у тым, што чалавек, маўляў, павінен адчуць усю моц дзяржаўнае машыны, якая захоча – зробіць так, а не захоча – зробіць гэтак. Я стаўлюся да гэтага спакойна, але факт ёсьць фактам: фактычна павялічваецца тэрмін пазбаўленьня волі".

Адным з мэханізмаў дзяржаўнае машыны, пра якую гаворыць Павал Севярынец, ёсьць крымінальна-выканаўчая інспэкцыя Першамайскага раёну. Пра тое, дзе ён будзе адбываць пакараньне, спадару Севярынцу мае паведаміць адказны супрацоўнік Алег Яўгенавіч. Назваць сваё прозьвішча гэты спадар катэгарычна адмовіўся, як, зрэшты, і размаўляць аб прычынах затрымкі.

(Супрацоўнік: ) "Я не хачу Вам тлумачыць, і ў мяне няма на гэта часу. Апрача Вас, тут у мяне сядзяць асуджаныя, зь якімі я мушу праводзіць работу. Калі прыйдзе на яго нарад, тады ён і будзе адпраўлены на месца адбыцьця пакараньня".

Ад супрацоўніка інспэкцыі давялося даведацца хіба пра тое, што накіраваньне для Паўла Севярынца прыйдзе зь Менску, а таксама пра тое, што свае адпраўкі на месца пакараньня ў Першамайскім раёне Віцебску чакаюць яшчэ каля 15-ці чалавек. І чым даўжэй ім даводзіцца чакаць, тым больш працяглым, паводле высновы Паўла Севярынца, будзе тэрмін пазбаўленьня іх волі.

Што да ўласнае затрымкі, а таксама кажучы і пра Міколу Статкевіча, які таксама не адразу атрымаў накіраваньне на месца зьняволеньня, то Павал Севярынец не выключае і палітычных прычынаў.

(Севярынец: ) “Магчыма, лёгіка гэтае затрымкі палягае яшчэ і ў тым, што, паводле разьлікаў улады, калі яна выйграе выбары ў 2006-м годзе, то ў 2007-м адбываюцца мясцовыя выбары, а ў 2008-м – парлямэнцкія. Чалавек, які выходзіць на волю ў 2007-м годзе, толькі ў 2008-м атрымлівае пагашэньне суджанасьці. То бок ні я, ні Статкевіч на выбарах ня зможам балятавацца".

Мікола Статкевіч адбывае пакараньне ў Баранавічах, бо зьняволеных разьмяркоўваюць па спэцкамэндатурах з улікам прапіскі. Пра тое, дзе Паўлу Севярынцу давядзецца адбываць “хімію” на Віцебшчыне, казаць наперад цяжка. Гэта можа быць і далёкі ад Віцебску, да прыкладу, Глыбоцкі раён, і прыгарадны пасёлак “Віцьба”. Спадар Севярынец кажа, што яму практычна ўсё адно, бо гэта ў любым выпадку ягоная радзіма, а сябры ды аднадумцы ёсьць паўсюль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG