Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцы прывезьлі гуманітарную дапамогу на 5.6 мільёнаў даляраў


Ганна Соусь, Менск Сёньня ў Менск прыбыў дабрачынны мэдычны груз са Злучаных Штатаў Амэрыкі коштам 5,6 мільёнаў даляраў. Груз даставіла амэрыканская дабрачынная арганізацыя “CitiHopeInternational”. Чакаецца, што ў верасьні лекі паступяць у беларускія шпіталі. Нашая карэспандэнтка разам з супрацоўнікамі і валанцёрамі “CitiHopeInternational” і іхнымі беларускімі партнэрамі сустракала дабрачынны груз у Нацыянальным аэрапорце Менск-2.

Назіраючы пад праліўным дажджом, як вядзецца разгрузка грузу, супрацоўнікі амэрыканскай дабрачыннай кампаніі не хавалі радасных пачуцьцяў – гэтая місія рыхтавалася амаль паўгоду.

Беларускім партнэрам “CitiHopeInternational” зьяўляецца беларуская грамадзкая арганізацыя “Надзея Экспрэс”, і цягам 13 гадоў іх супрацоўніцтва ў Беларусь з ЗША было дастаўлена больш чым на 170 мільёнаў даляраў лекаў, мэдычнага абсталяваньня і харчаваньня.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол, які таксама сустракаў дабрачынны груз у аэрапорце, назваў гэтую гуманітарную місію выдатным прыкладам супрацоўніцтва паміж народамі.

(Крол: ) “Таксама гэта дадатковае сьведчаньне таго, што Дзярждэпартамэнт застаецца адданым справе прадстаўленьня гуманітарнай дапамогі беларускаму народу. Дастаўленыя сёньня лекі накіроўваюцца ў мэдычныя ўстановы Беларусі, якія маюць у іх надзённую патрэбу. У гэтай сфэры супрацоўніцтва паміж народамі ЗША і Беларусі знаходзіцца на значным узроўні. Дзярждэпартамэнт, а менавіта Офіс каардынатара амэрыканскай дапамогі для Эўропы і Эўразіі ўзяў на сябе аплату дастаўкі. Амэрыканскія фармацэўтычныя кампаніі і вытворцы мэдыкамэнтаў падаравалі сваю прадукцыю”.

Сёньня ў Беларусь з ЗША прыбылі каштоўныя анкалягічныя, пульманалягічныя, кардыялягічныя, нэўралягічныя прэпараты, антыбіётыкі і анастэтыкі. Сярод іх вельмі дарагі лек для лекаваньня сухотаў “Спірыва”. Як паведаміў кіраўнік арганізацыі “Надзея Экспрэс” Міхаіл Собаль, зь яго дапамогай можна будзе забясьпечыць курс лячэньня 5 тысячам хворым на сухоты.

(Собаль: ) “У нас ёсьць поўная карціна па бясплатным разьмеркаваньні гуманітарнага грузу. Ён пойдзе ў мэдычныя ўстановы і шпіталі па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Некаторыя прэпараты будуць разьмеркаваныя праз спэцыялізаваныя пульманалягічныя аддзяленьні бальніц. Некаторыя праз сельскія шпіталі, паліклінікі”.

Віцэ-прэзыдэнт “CitiHopeInternational” Пол Мор-малодшы разам з 11 амэрыканскімі валанцёрамі адмыслова прыехаў у Беларусь, каб сустрэць груз, а таксама вызначыцца з тым, якія лекі яшчэ неабходныя беларускім шпіталям, каб правезьці іх у Беларусь у наступным годзе.

Пол Мор займаецца дабрачыннай дзейнасьцю ў Беларусі з 1990 году. Ягоная першай жонкай была беларуска, яна памерла ад ракавай хваробы, і Пол паабяцаў ёй дапамагаць хворым беларускім дзецям. Гэтым разам ён прыехаў у Беларусь з сынам і дачкой.

(Мор: ) “Мы прыяжджаем сюды ўжо цягам 15 гадоў, і мы сапраўды любім Беларусь. Рысы характару вашых людзей усё яшчэ працягваюць зьдзіўляць нас і прымушаюць нас вяртацца ізноў і ізноў”.

Раней гэтая арганізацыя пастаўляла дабрачынныя грузы ў Беларусь 3-4 разы на год, цяпер жа ў сувязі з пагаршэньнем афіцыйных амэрыканска-беларускіх стасункаў грузы сталі прыбываць радзей. Плянуецца, што наступная партыя гуманітарнай дапамогі прыбудзе ў Беларусь у наступным годзе да 20-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы, і Пол Мор запэўніў, што 26 красавіка 2006 году ён абавязкова будзе ў Беларусі.

Для дабрачыннай місіі, якую каардынуе CitiHopeInternational сёлета бясплатна прадставілі свае тавары для беларускіх людзей такія прыватныя амэрыканскія фармацэўтычныя кампаніі як Abbott Laboratories, Boerhringer Ingelhem, Schwarz Pharma, APP, Hospira, GlaxoSmith Kline.



Віцэ-прэзыдэнт CitiHopeInternational Пол Мор-малодшы, амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол, кіраўнік арганізацыі “Надзея Экспрэс” Міхаіл Собаль, а таксама амэрыканскія і беларускія валанцёры ў менскім аэрапорце пасьля таго, як быў дастаўлены дабрачынны груз.
XS
SM
MD
LG