Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія пацярпелыя ад сходу лавіны на Алтаі вярнуліся на радзіму


Ігар Карней, Менск Сёньня яшчэ тры беларускія турысты, якія патрапілі пад лавіну на гары Бялуха, вярнуліся ў Менск. Дагэтуль, тыдзень таму, прыехалі яшчэ два аматары экстрэмальнага турызму, двух загіблых прывезьлі ў трунах. Такім чынам, пад сьнежна-лядовым завалам у Алтайскім краі застаюцца целы двух сябраў Рэспубліканскага турысцка-спартовага саюзу, пошук якіх з прычыны лавінанебясьпекі выратавальныя службы прыпынілі. Што сталася прычынай трагедыі, спрабаваў высьветліць наш карэспандэнт.

Выпісаць беларускіх турыстаў з Рэспубліканскага шпіталю Горна-Алтайску меліся найлепей у сярэдзіне гэтага тыдня. Аднак, калі я затэлефанаваў у аддзяленьне траўматалёгіі згаданай клінікі, там адказалі, што… выправілі ўсіх беларусаў дадому.

(Лекар: ) “Апошнія беларусы ад’ехалі яшчэ ў пятніцу. Так што паціху павінны пад''яжджаць дадому”.

Я пацікавіўся, ці запатрабаваліся нейкія асаблівыя ўмовы транспартаваньня хворых? Паведамлялася, што ў двух мужчынаў былі праблемы з хрыбтом.

(Лекар: ) “Ну, якія яны цяпер ляжачыя? Гэта ўжо больш-меньш актыўныя людзі, праўда, з гіпсавымі павязкамі і іншымі “аксэсуарамі”. Але, прынамсі, самі ўжо перасоўваюцца. Усяму свой час. Так што, чакайце, хутка будуць”.

У Рэспубліканскім турысцка-спартовым саюзе пацьвердзілі, што апошнія жывыя турысты – два мужчыны і жанчына – прыехалі ў Менск сёньня ў першай палове дня, аднак дадалі, што ні пра якія кантакты з прэсай ня можа быць і гаворкі. Што магло здарыцца на Бялусе? Змадэляваць сытуацыю я папрасіў аднаго з самых вядомых беларускіх спэцыялістаў, кіраўніка Беларускай фэдэрацыі альпінізму Аляксандра Гадлеўскага, які двойчы рабіў узыходжаньні на Бялуху.

(Гадлеўскі: ) “Што адбылося? Мяркую, людзі проста не зарыентаваліся. Я быў на пахаваньні Белановіча. І з размоваў вынікала, што зусім не было пагоды, яны не маглі зарыентавацца з-за туману, з-за адсутнасьці бачнасьці, дзе правільна разьбіць лягер. Дагэтуль няма дакладнай карціны, як і што насамрэч здарылася. Расказваюць, стаялі лягерам, Маскалёў і Коршак выйшлі з намётаў і ўбачылі лавіну. Прычым, адны кажуць, што гэта сьнежная лавіна (хоць я зь цяжкасьцю ўяўляю, што ў такі час году сходзіла лавіна); іншыя кажуць, што абваліўся сьнежна-лядовы казырок, што мне больш зразумела. Там насамрэч такія мясьціны, што гэтых казыркоў нямерана, яны паўсюль вісяць. Але і Белановіч, і Маскалёў мелі неабходны досьвед, каб прыняць правільнае рашэньне. У зьвязку з чым было прынятае іншае рашэньне – я сказаць не магу”.

Ня гледзячы на тое, што беларуская група быццам заявіла маршрут першай катэгорыі складанасьці (нешта накшталт пешай прагулкі), Аляксандар Гадлеўскі мяркуе, што ўсё ж плянавалася узыходжаньне.

(Гадлеўскі: ) “Мы ў гэтым сэнсе крыху ня шчырыя, і журналісты гэта падхопліваюць. Ад пачатку ішла інфармацыя, што пацярпелі “беларускія альпіністы”. Канечне, альпіністамі яны не былі. Але справа ў тым, што слова “альпініст” робіць уражаньне, і шмат хто хацеў бы называцца альпіністам. Некаторыя людзі, зарабіўшы грошы, маюць магчымасьці самазацьвердзіцца (толькі ў бізнэсе гэтага рабіць немагчыма, жыцьцё ж шматаблічнае), ідуць у альпінізм, пачынаюць займацца тым, пра што маюць вельмі аддаленае ўяўленьне. Калі казаць адносна Белановіча і Маскалёва (магчыма, часткова і Прохарава), то гэта людзі, вядомыя ў турысцкіх і ў нейкім сэнсе альпінісцкіх колах, яны мелі альпінісцкую падрыхтоўку. Але альпінізмам яны ніколі не займаліся. Яны займаліся турызмам – пешаходным і горным”.

Пры канцы размовы запытваю ў спадара Гадлеўскага: ці можна нядаўнюю трагедыю лічыць адной з самых страшных па колькасьці загіблых?

(Гадлеўскі: ) “Ды не. Досыць узгадаць трагедыю барда, паэта Арыка Крупа. У сакавіку 1971 году ва Ўсходніх Саянах загінула беларуская група турыстаў-лыжнікаў, сярод якіх быў і Круп. Тады пад лавінай загінулі дзевяць чалавек. Так што падобны выпадак быў. На Чыжоўскіх могілках, дарэчы, ёсьць мэмарыял, дзе яны ўсе пахаваныя. Таму нядаўні выпадак не адзіны. Гады тры таму два чалавекі загінулі пад камняпадам на Каўказе. Пэрыядычна штосьці здараецца”.

Такім чынам, ад дзевяці сябраў Рэспубліканскага турысцка-спартовага клюбу, якія 20 ліпеня пачалі ўзыходжаньне на гару Бялуха, выжылі толькі пяць: Іван Дашкевіч і Юрый Ганчар, якія вярнуліся тыдзень таму. Сёньня дадому прыехалі Алег Болдыраў, Юры Тома і Элеанора Волкава. Вынікам паходу – чацьвёра загіблых. На мінулым тыдні адбыліся пахаваньні Ўладзімера Белановіча і Аляксандра Прохарава. Целы Георгія Маскалёва (кіраўніка групы) і Кірыла Коршака ня знойдзеныя дагэтуль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG