Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альфрэд Гамолка: “Сытуацыя ў Эўропе зусім іншая, чым уяўляе Лукашэнка”


Алена Струвэ, Менск “Падобныя ўдары зь беларускага боку нас толькі загартоўваюць”, — сказаў, камэнтуючы затрыманьне сваіх калег на беларускай мяжы, нямецкі хрысьціянскі дэмакрат, дэпутат Эўрапейскага Парлямэнту ад Народнай партыі Альфрэд Гамолка.

Нямецкі хрысьціянскі дэмакрат Альфрэд Гамолка — адзін з аўтараў рэзалюцыі па Беларусі, прынятай Эўрапарлямэнтам у часе чэрвеньскай сэсіі ў Страсбуры. Паводле яго, праз два тыдні, калі ягоныя калегі — эўрапейскія парлямэнтары — вернуцца са сваіх канікул у Брусэль, яны дадуць адпаведную ацэнку гэтаму інцыдэнту й працягнуць свой жорсткі курс што да афіцыйнага Менску.

(Гамолка: ) “На жаль, апошнія падзеі ў Беларусі адбываюцца ў часе парлямэнцкіх канікул. Падобнае разьвіцьцё мяне вельмі мала зьдзіўляе. Гэта можна было прагназаваць У любым выпадку, мы будзем ажыцьцяўляць тое, што пазначылі ў сваёй рэзалюцыі па Беларусі, а менавіта — жорсткі курс у дачыненьні да беларускага рэжыму. У пэўных напрамках мы будзем працаваць разам з Эўракамісіяй. Тут ёсьць магчымасьці. Дадам, што Эўрапарлямэнт пасьлядоўны ў сваіх дзеяньнях, больш пасьлядоўны за Эўракамісію”.

(Карэспандэнтка: ) “У прынятым эўрапарлямэнтарамі дакумэнце па Беларусі шмат пунктаў: комплексная падтрымка незалежных СМІ, патрабаваньні павагі да правоў нацыянальных меншасьцяў, вызваленьне палітычных зьняволеных і гэтак далей. Гаворыцца таксама, што ў іншым выпадку можа быць ініцыяванае прыняцьцё візавых санкцый да больш шырокага кола беларускіх чыноўнікаў. Ці ёсьць у эўрапейскіх палітыкаў уяўленьне пра тое, калі ў Менску ім могуць пайсьці насустрач і ці пойдуць наагул?”

(Гамолка: ) “Я прагматык. Мы патрабуем пэўных момантаў і не чакаем, што яны настануць хутка. Нельга чакаць, што зьмены адбудуцца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Усё можа прыйсьці пазьней”.

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі можа быць верагоднай бліжэйшая паездка эўрапейскіх парлямэнтароў у Беларусь?”

(Гамолка: ) “Мы будзем спрабаваць. Падобныя ўдары зь беларускага боку нас толькі загартоўваюць. Дзякуючы нашаму камуністычнаму мінуламу (а я прадстаўляю Ўсходнюю Нямеччыну), мы ведаем розныя формы працы —абмежаваныя й тыя, якія адпавядаюць эўрапейскім стандартам. Увогуле, агульная сытуацыя ў Эўропе зусім іншая, чым ўяўляе спадар Лукашэнка”.
XS
SM
MD
LG