Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца скандал вакол разгону фэстывалю тэхна ў Чэхіі


Кастусь Бандарук, Прага У Чэхіі працягваецца палітычны скандал выкліканы брутальным разгонам музычнага фэстывалю музыкі тэхна "CzechTek" ("ЧэкТэк"). Сябры парлямэнцкай камісіі абароны і бясьпекі чэскага парлямэнту азнаёміліся сёньня з дакумэнтацыяй датычнай разгону ўдзельнікаў фэстывалю. Яны прааналізавалі паліцэйскія відэазапісы ды храналёгію падзеяў і свае высновы маюць прадставіць на разгляд парлямэнту.

У суботу 30 ліпеня паліцыя разагнала 5 тысяч удзельнікаў папулярнай музычнай імпрэзы тэхна “ЧэкТэк”, арганізаванай ў мясцовасьці Млынец. Фэстываль адбываўся ў Чэхіі ўжо 12-ы раз. Гэтым разам яго арганізатары мелі афіцыйны дазвол на імпрэзу, яны нанялі ў прыватнага ўласьніка вялікі луг. Аднак пасьля скаргаў суседзяў на празьмерны гоман і разгул удзельнікаў, а таксама на зьнішчэньне травы на іхных участках, умяшалася паліцыя.

У акцыі разгону былі задзейнічаныя каля 1000 паліцыянтаў з дубінкамі і шчытамі. Супраць маладых людзей былі ўжытыя вадамёты і сьлезацечны газ. У жорсткіх сутычках былі параненыя каля 100 чалавек, у тым 47 паліцыянтаў. На некалькі гадзін была перакрытая аўтамагістраль паміж Чэхіяй і Нямеччынай, а таксама памежны пераход ў Развадаве.

Кіраўнік ураду прэм''ер Іржы Пароўбек і міністар унутраных справаў Францішак Бублан лічаць, што акцыя паліцыі адбылася ў адпаведнасьці з законам, паколькі на паводзіны ўдзельнікаў фэстывалю паскардзіліся ўласьнікі суседніх участкаў. Летась, паліцыя таксама разагнала фэстываль, але тады ён адбываўся бяз згоды ўласьніка тэрыторыі.

Значная частка чэскага грамадзтва аднак не пагадзілася з аргумэнтацыяй паліцыі і ўладаў. Многія лічаць, што праваахоўныя органы абышліся з падлеткамі празьмерна жорстка. На наступны дзень у Празе адбылася шматлюдная дэманстрацыя пратэсту з удзелам каля пяці тысяч чалавек з Чэхіі і шэрагу іншых краін. Дэманстранты выкрыквалі лёзунгі “Гестапа!” і “Паліцэйская дзяржава!”. Яны закідалі яйкамі будынак міністэрства ўнутраных справаў і заклікалі да адстаўкі прэм’ера і міністра ўнутраных справаў.

Акцыя паліцыі выклікала ажыўленую дыскусію ў грамадзтве і сапраўдны землятрус на палітычнай сцэне. Прэзыдэнт Вацлаў Клаўс прызнаў ўмяшаньне паліцыі “неабгрунтаваным і неадэкватным”. Ён адзначыў, што апошні раз гэтак брутальна паліцыя дзейнічала ў 1989 годзе, незадоўга да “аксамітнай рэвалюцыі”, і таму рэакцыя маладых людзей цалкам зразумелая.

Супраць дзеяньняў паліцыі выступіў ўпаўнаважаны ў справах правоў чалавека чэскага ўраду Карасек, старшыня Сэнату – Собатка, міністар юстыцыі Немец і большасьць лідэраў апазыцыі. Адмысловую пэтыцыю на адрас ураду падпісалі шэраг палітыкаў і вядомых у Чэхіі інтэлектуалаў, у тым ліку былы прэзыдэнт Вацлаў Гавэл, акторка Галіна Паўлоўска і сьпявачка Люцыя Біла. Адмысловую песьню пад загалоўкам “Ізноў б’юць дзяцей” напісаў папулярны бард Ярамір Нагавіца.

Прэзыдэнт Вацлаў Клаўс выклікаў ўчора да сябе міністра ўнутраных справаў Бублана, а сёньня мае сустрэцца з прэм’ерам Пароўбкам. Аналітыкі выказваюць думку, што акцыя паліцыі падчас фэстываю тэхна можа каштаваць прэм''ер-міністру пасады і выклікаць іншыя сур''ёзныя зьмены на палітычнай сцэне.
XS
SM
MD
LG