Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пустую бочку чуваць далёчка


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Сплыла бездань часу, і мне здалёк падаецца, што некалі настаўніца наўмысна зарыфмавала гэтае мудрае выслоўе – каб лягчэй занатавалася ў маёй памяці. А на шляхох жыцьцёвых – прыкмячаю – немудрагелісты выраз пустую бочку чуваць далёчка паўстае апазнавальным знакам: хто пра сябе нязмоўчна гаворыць – лічы за пустабрэха. Бо ў народзе нездарма падкрэсьліваюць: парожняя бочка гучыць, а поўная маўчыць, альбо колас, што зярнят ня мае, угару лоб задзірае, ці пустыя каласы высока трымаюцца.

Зрэшты, сьвет, напэўна, зьбяднеў бы без гаваркіх і фанабэрыстых. Але ж здаўна ў сем''ях умудраліся болей рабіць, чымся пахваляцца. І гэтая пэдагагічная ўстаноўка мела-такі свой плён: людзі рупіліся чыніць дабро, не агалошваючы, безь якое спадзевы на ўзнагароды.

Сацыялістычная безладзь перакуліла ўсё ўверх дном, і грымата ў пустэчы ажно аглушала. Мабыць, ад гэтага й засьцерагала мяне спадарыня Марыля: каб ня зблытала ў сэрцы сваім справу з гучнаслоўем. Прыгадваецца й Максім Багдановіч: “Гул хады адзінокай далёка чуваць”, – асобу-самотніка ж па хадзе пазнаюць, без абвестак ды залішняе гаманы. Суседзі-расейцы фармулююць гэтак жа: пустая бочка пуще гремит. А старажытныя папярэджвалі: славу даганяючы, можна з дарогі зьбіцца.

Надараецца, у спакусе давесьці каму болей, чым сама спазнала, мякка спыняе мяне падказка з маленства: пустая бочка чуваць далёчка...
XS
SM
MD
LG