Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хэльсынкі-2005: перамогі й расчараваньні беларускіх атлетаў


Ігар Карней, Менск Пасьля трох дзён чэмпіянату сьвету ў лёгкай атлетыцы ў Хэльсынкі зборная Беларусі займае чацьвёртае агульнакаманднае месца ў мэдалёвым спаборніцтве. У актыве беларусаў — адна залатая й дзьве срэбныя ўзнагароды. Для некаторых стаў нечаканасьцю адносна няўдалы выступ алімпійскай чэмпіёнкі Атэнаў Юліі Несьцярэнкі.

У штабе беларускай нацыянальнай каманды кажуць, што мэдалёвы плян вытрымліваецца: замест алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несьцярэнкі, якая фінішавала далёка ад п’едэсталу, неспадзяванае срэбра прынесла Маргарыта Турава — маратонка па хадзе на 20 кілямэтраў.

Пацьвердзілі рэпутацыю аб’ектыўна моцных два “малатабойцы” — Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі, якія напярэдадні заваявалі, адпаведна, першае й другое месцы. Ці можа папоўніцца мэдалёвая скарбонка беларусаў цягам бліжэйшых дзён? Прагназуе аглядальнік газэты “Прессбол” Сяргей Вярсоцкі.

(Вярсоцкі: ) “У мэдалёвых відах спадзяваньне на жаночае ядро. Перадусім, на лідэра сэзону Надзею Астапчук. І ў нейкай ступені — на жаночы молат: Вольга Цандар мае другі вынік сэзону. Але тут шмат залежыць ад псыхалягічнага стану спартоўкі: ці здолее Вольга справіцца ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, перш за ўсё, з сабой. Калі справіцца, — будзе мэдаль. Гэтаксама з пэўнай доляй верагоднасьці можна разглядаць жаночую эстафэту 4х100 мэтраў. Але многае будзе залежаць ад здольнасьці ўсіх дзяўчат паказаць максымальныя сэкунды якраз у момант перадачы эстафэты. Шмат “але”, аднак паводле патэнцыялу эстафэта цягне на 3-4 месцы”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, да парыскага багажу двухгадовай даўніны зь сямі мэдалёў “дацягнуць” цяжка?”

(Вярсоцкі: ) “Да парыскага выступу не дацягнем, але 4-5 мэдалёў можна будзе разглядаць як посьпех — у цяперашнім складзе”.

Пэўным расчараваньнем чэмпіянату сьвету ў Хэльсынкі стала апошняе месца ў фінале стомэтроўкі алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несьцярэнкі. Праўда, спэцыялісты адзначаюць, што пасьля атэнскай Алімпіяды Несьцярэнка фактычна ня брала ўдзелу ў афіцыйных спаборніцтвах, і ў такіх умовах нават восьмае месца — посьпех.

Чатырохразовы алімпійскі чэмпіён Віктар Сідзяк лічыць, што перамога ў Атэнах наклала на спартоўку пэўны адбітак. Яе актыўна пачалі выкарыстоўваць як у рэклямных, так і ў прапагандысцкіх мэтах — прыкладам, падчас выбараў і рэфэрэндуму. З падачы польскага боку насьпяваў допінгавы скандал. За ўсім гэтым папросту не было часу на паўнавартасныя трэніроўкі.

(Сідзяк: ) “Калі я сам яшчэ рыхтаваўся да алімпійскіх гульняў, у мяне было сваё жыцьцё, вельмі вузкае, у якое я нікога асабліва не пускаў. Таму што выйграць алімпійскія гульні — гэта подзьвіг, учынак. Выдаткоўваюцца тысячы, мільёны даляраў дзеля перамогі, якія вельмі часта аказваюцца бессэнсоўнымі. Але галоўнае, каб спартовец рабіў сваю справу. Як гэта й было ў Атэнах зь Юляй — выйшла й перамагла”.

Пасьля атэнскай Алімпіяды Юлія Несьцярэнка нечакана адмовілася ад паслуг свайго трэнэра Віктара Ярашэвіча, які прывёў яе да алімпійскага трыюмфу. Цяпер спартоўку трэніруе ейны муж Дзьмітры, якому аб’ектыўна не хапае досьведу Ярашэвіча. Ад канца мінулага году былы трэнэр і ягоная выхаванка не кантактуюць. Адмаўляецца Віктар Ярашэвіч і ад размоў з журналістамі: калі я затэлефанаваў яму ў Берасьце, спадар Ярашэвіч абмежаваўся толькі адным выразам: маўляў, самі параўноўвайце, як яна выступала дагэтуль і як — цяпер.

Між тым, адмыслоўцы кажуць, што спорт у Беларусі разьвіваецца досыць інтэнсіўна. Такое меркаваньне мае славуты спэцыяліст Рэнальд Кныш, які ў вялікім спорце прыхільнік ня столькі мэдычных ноў-хаў, колькі пастаноўкі тэхнікі спартоўца.

(Кныш: ) “Я ў гэтым не сумняюся. Дарэмна гавораць: ой, у спорце ўжо ўсе рэкорды “пабіты” й разьвівацца няма куды. Аднак, калі азірнуцца на апошнія 20-30 гадоў, на кожных пяршынствах сьвету, алімпійскіх гульнях ставяцца ўсё новыя й новыя рэкорды. Чаму? Таму што тэхніка паляпшаецца, мэтодыка навучаньня больш правільная. І запасы тут вялізныя. Тое ж тычыцца й Несьцярэнкі зь ейным ранейшым трэнэрам Віктарам Ярашэвічам. Я вельмі рады, перадусім, за яго”.

Гл. таксама • Іван Ціхан – чэмпіён сьвету ў кіданьні молата • Рамуальд Клім камэнтуе перамогу Івана Ціхана
XS
SM
MD
LG