Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 жніўня 1910 году нарадзілася Ларыса Геніюш


RFE/RL Каляндар “Свабоды”

9 жніўня ў розныя гады прыйшлі на сьвет нямецкі філёляг і папулярызатар беларушчыны ў Нямеччыне Рудольф Абіхт, які перакладаў па-нямецку вершы Купалы і Коласа; слынная беларуская паэтка Ларыса Геніюш, якой выпаў пакутніцкі лёс; беларускі гісторык і літаратар Янка Запруднік, які жыве і працуе ў ЗША. Таксама 9 жніўня, у 1957 годзе, прыйшоў на сьвет навуковец-філёляг Сяргей Запрудзкі, які сёлета быў абраны старшынём Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Гістарычныя даты

9 жніўня 1655 году маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч урачыста ўехаў у тагачасную сталіцу Беларусі Вільню. Тут цар прыняў на сябе тытул гаспадара Полацкага і Мсьціслаўскага. Трэба дадаць, што ўезд цара ў Вільню адбываўся ў часе самай крывавай у беларускай гісторыі трынаццацігадовай вайны з Маскоўскай дзяржавай. У выніку той вайны Беларусь страціла кожнага другога свайго жыхара. А сам урачысты ўезд у сталіцу адбываўся пасьля поўнага вызваленьня Вільні ад яе насельнікаў і пабудоваў.

9 жніўня 1773 году беларускі навуковец Марцін Пачобут з сваімі студэнтамі на вежы Віленскай абсэрваторыі назіраў некалькі новых касьмічных аб’ектаў. Пра гэта сьведчыць запіс у кнізе назіраньняў: “У той частцы неба, што знаходзіцца на захад ад Зьмеяносца, мы бачым дзясятак дастаткова прыгожых зорак”.

9 жніўня 1917 году выйшаў у сьвет першы нумар бальшавіцкай газэты “Звязда”. Сёньня “Звязда” зьяўляецца органам прэзыдэнта РБ і выходзіць па-беларуску, а тады, на пачатку свайго існаваньня, гэта было цалкам расейскамоўнае выданьне.



9 жніўня 1945 году, праз тры дні пасьля атамнага бамбардаваньня Хірасімы, амэрыканцы скінулі другую атамную бомбу на японскі горад Нагасакі. Там было забіта і паранена каля 75 тысяч жыхароў. На плошчы 12 тысяч квадратных кілямэтраў былі цалкам разбураныя ўсе збудаваньні.

9 жніўня 1976 году ня стала народнага пісьменьніка Івана Мележа – аўтара ўсім вядомага раману “Людзі на балоце”.
XS
SM
MD
LG