Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі інтэрнэт церпіць ад замежнага спаму


Юлія Шарова, Менск Беларускі інтэрнэт церпіць пераважна ад замежнага спаму, сьцьвярджаюць адмыслоўцы ў сфэры інтэрнэт-камунікацыяў. Ананімныя масавыя рассылкі лістоў рэклямнага зьместу ствараюць шмат тэхнічных праблемаў і папросту прымушаюць траціць час. Але свае спамэры зьявіліся і ў Беларусі. Ці здольныя яны адабраць грошы ў тых, хто легальна зарабляе на рэкляме?

Большасьць крыніцаў вызначае спам як “непажаданыя ананімныя масавыя рассылкі рэклямнага характару”. Напрыклад, да вас на скрынку прыходзіць ліст, аўтар якога нехта Кабылкін альбо Арнольд Скот прапануе вам працу бугальтара ці інтымныя тавары. Адрас адпраўніка звычайна схаваны ці сфальсыфікаваны, адваротнай сувязі няма – для гэтага спамэры пішуць адмысловыя праграмы. Робіцца гэта на замову розных фірмаў.

У беларускім сеціве пераважае замежны спам, найперш расейскі: для тамтэйшых фірмаў Беларусь таксама важны рынак. Звычайна непажаданыя ананімныя лісты прыходзяць на бясплатныя электронныя скрыні. Адмысловыя праграмы адлоўліваюць выпадковыя адрасы ды зьбіраюць іх у базу. Калі вы напісалі свой адрас недзе на інтэрнэт-форуме – вельмі вялікая гарантыя таго, што неўзабаве на гэтую скрынку цугам пойдзе рэкляма, тлумачыць тэхнічны дырэктар парталу TUT.by Дзяніс Адвалка.

Зь ягоных словаў вынікае, што кожны дзень праз паштовую службу партала праходзіць да 800 тысячаў такіх лістоў – 80 адсоткаў ад усяго трафіку. Шмат зь іх фільтруецца, але некаторыя ўсё ж прабіваюцца, кажа спадар Адвалка.

(Адвалка: ) "Большая частка ўсяго паштовага трафіка – гэта спам, то бок, нікому не патрэбныя паведамленьні. І мы вымушаныя за гэта плаціць. Потым працоўны час любога чалавека таксама не бясплатны. Чалавек траціць на спам хвілінаў пяць-сем штодня, а гэта ўжо нямала".

Але ня толькі гэта робіцца галоўным болем для інтэрнэтчыкаў. Спамэры звычайна выкарыстоўваюць для сваіх мэтаў менавіта бясплатныя паштовыя скрыні, TUT.by таксама. Таму й здараецца так, што партал пэрыядычна трапляе ў розныя “чорныя сьпісы”, тады робіцца немагчымым даслаць ліст з mail.tut.by на yahoo. У гэтым сэнсе беларускі партал нічым не адрозьніваецца ад аналягічных замежных службаў, кшталту Mail.ru. Са словаў Дзяніса Адвалкі, у такіх выпадках даводзіцца скантактоўвацца з адміністрацыямі іншых паштовых службаў і дамаўляцца пра выдаленьне з блэк-ліста.

Кіраўнік інтэрнэт-праекту Akavita.by Фёдар Караленка цьвердзіць, што на сёньня здараюцца толькі адзіныя выпадкі ўласна беларускага спаму. Робяцца такія рассылкі на даволі нізкім узроўні. Адзін з найбольш яскравых прыкладаў – гэта рассылка навінаў ад стачкаму Валерыя Леванеўскага. Паплечнікі прадпрымальніцкага лідэра займаліся гэтым гады два таму, але гэта была не зусім рэкляма.

Увогуле спам можа быць пагрозай для рэклямнага рынку – выдаткі на распаўсюд камэрцыйнай інфармацыі малыя, а вынік часам лепшы, чым ад абвесткі ў газэце, кажа спадар Караленка.

(Караленка: ) "Рассылка можа каштаваць, напрыклад, даляраў 100 – на некалькі мільёнаў адрасоў. А калі рэклямавацца па гэткіх жа коштах, гэта будзе на аўдыторыю ў тысячу разоў менш ўзьдзейнічаць. Таму канечне ж гэта актуальна. Знойдуцца адзін-два, тры, а можа нават і сто чалавек, якія адгукнуцца на гэтую рэкляму і, магчыма, нешта замовяць".

Крэатыўны дырэктар рэклямнай агенцыі Forte Advertising Яўген Юнаў мяркуе, што айчынныя фірмы пакуль яшчэ не ацанілі магчымасьці спамэрства – ня ўсе прадпрымальнікі гэтулькі тэхнічна прасунутыя. Але ўвогуле наўрад ці беларускі спам, калі нават ён расквітнее, нанясе шкоду рэклямнаму бізнэсу. Спам такі ж зродак камунікаваньня, як і надпіс на плоце, лічыць спадар Юнаў.

(Юнаў: ) "Нейкай канкурэнцыі ў якасьці сродка камунікаваньня я тут ня бачу ніякай. То бок, плот не канкурэнт бігборду. Так, гэта зьнішчаны трафік, лішнія лісты, час – такая рэч. Але зразумела, што ў інтэрнэце гэта заўсёды будзе. Што насамрэч прыцягвае сапраўдных прафэсіяналаў, якія займаюцца камунікацыямі паміж таварам і спажыўцамі – гэта сфэра камунікацыі без цэнзуры".
XS
SM
MD
LG