Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Богдан Кліх пра здарэньне на мяжы: "Гэта відавочнае бяспраўе"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Дэлегацыю дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту ад фракцыі Эўрапейскай народнай партыі - Эўрапейскіх дэмакратаў начале з віцэ-сьпікерам Эўрапарлямэнту Яцкам Сарыюшам-Вольскім, якія ехалі ў Горадню, каб сустрэцца з кіраўніцтвам СПБ і беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі не пусьцілі ў Беларусь. Паводле словаў дэпутатаў, памежнікі ніяк не патлумачылі прычыны адмовы.

Кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі Богдан Кліх заявіў нашаму радыё, што абсалютна не разумее захадаў беларускіх памежнікаў і назваў такія дзеяньні “бяспраўем”.

Спадар Кліх паведаміў, што пасьля доўгага чаканьня на памежным пераходзе, беларускі памежнік раптам заявіў, што ўсе чацьвёра дэпутатаў Эўрапарлямэнту, а таксама мэр Беластоку Рышард Тур і журналіст Марцін Сьмялоўскі, які ехаў разам з дэпутатамі і якога некалькі дзён таму ўжо не пусьцілі ў Беларусь , ня могуць уехаць на беларускую тэрыторыю. Гаворыць Богдан Кліх:

(Кліх: ) “Гэта відавочнае бяспраўе. Нягледзячы на наяўнасьць сапраўдных дакумэнтаў, якія дазваляюць перасякаць беларускую мяжу, беларускія памежнікі мэтанакаіравана забаранілі ўезд у краіну чатыром дэпутатам Эўрапарлямэнту, мэру Беластоку і польскаму журналісту. Я не разумею гэтага рашэньня. Адміністрацыя Лукашэнкі парушае падставовыя нормы міжнароднага права і міжнародная супольнасьць павінна зрабіць з гэтага высновы”.

Паводле спадара Кліха, сёньняшні выпадак яшчэ раз пацьвярджае, што тое, што цяпер адбываецца, гэта не справа двухбаковых кантактаў паміж Польшчай і Беларусьсю, але справа дачыненьняў паміж Беларусьсю і ўсім Эўразьвязам.

Раней, перад выездам у Польшчу, кіраўнік дэлегацыі эўрапейскіх парлямэнтароў віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі заявіў, што Эўрапейскі парлямэнт ніколі не быў і не будзе абыякавы да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, таму ён разам зь іншымі дэпутатамі хацеў азнаёміцца з стытуацыяй на месцы каб потым прадставіць свае высновы ў часе паседжаньня камісіі міжнародных справаў Эўрапарлямэнту.

Паводле словаў Сарыюша-Волськага, калі Менск ня будзе шанаваць правы чалавека, у тым ліку і правы польскай меншасьці, дык беларускія ўлады павінны быць ізаляваныя.

Яцэк Сарыюш-Вольскі выключаў магчымасьць перамоваў з былым старшынём СПБ Тадэвушам Кручкоўскім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG