Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рамуальд Клім камэнтуе перамогу Івана Ціхана


Міхал Стэльмак, Менск Беларускі спартовец Іван Ціхан на першынстве сьвету па лёгкай атлетыцы ў Фінляндыі стаў чэмпіёнам сьвету ў кіданьні молата. Срэбную ўзнагароду ў гэтым жа практыкаваньні атрымаў таксама прадстаўнік Беларусі Вадзім Дзевятоўскі.

Молат, кінуты Іванам Ціханам, які прынёс яму залатую ўзнагароду, праляцеў 83 мэтры 89 сантымэтраў. Гэты посьпех шчыра віталі беларускія заўзятары лёгкай атлетыкі. У тым ліку алімпійскі чэмпіён у гэтым відзе лёгкай атлетыкі Рамуальд Клім. На яго думку, чэмпіёнскі тытул Іван Ціхан заваяваў не бяз цяжкасьцяў:

(Клім: ) “Спачатку ён быў нейкі разгублены, але потым крыху адышоў. Ён толькі з трэцяй спробы дасягнуў такога выніку, які даў яму магчымасьць выступаць у асноўных спаборніцтвах. І тут зноў быў няўпэўнены. Але затым прыбадзёрыўся альбо падтрымалі яго трэнэры, беларусы, што бяруць удзел у чэмпіянаце, і ён стаў больш жвавым. І таму паказаў такі вынік. Але ўсё роўна, я вось добра глядзеў, і Дзевятоўскі, і Ціхан кідалі молат зусім па-іншаму ў параўнаньні з тым, як яны кідалі молат у Беларусі. Там яны столькі памылак рабілі, што ня дай Бог”.

На думку Рамуальда Кліма, памылкі Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага, які заняў на чэмпіянаце сьвету другое месца, тлумачыліся адсутнасьцю належнай псыхалягічнай падрыхтоўкі. Таму абодва паказалі ня лепшыя для сябе вынікі:

(Клім: ) “У Івана Ціхана вынік менш на тры мэтры зь лішкам за яго максымальныя магчымасьці, а ў Вадзіма на два мэтры зь лішкам. Трэба, каб быў там чалавек, які працаваў там зь імі добра. Бо на мой погляд, зь імі там не працавалі ў гэтым кірунку”.

Гэта было меркаваньне алімпійскага чэмпіёна Токіё Рамуальда Кліма. Дарэчы, нагадаем, што летась Іван Ціхан заваяваў сярэбраную ўзнагароду на Алімпійскіх гульнях у Афінах.

Гл. таксама • Іван Ціхан – чэмпіён сьвету ў кіданьні молата
XS
SM
MD
LG