Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў: “Нам непатрэбныя місіі Эўразьвязу!”


Валер Кліноўскі, Менск Недапушчэньне ў Беларусь дэлегацыі Эўрапарляманту абвострыць ня толькі канфлікт вакол Саюзу палякаў, але і канфлікт вакол самога Аляксандра Лукашэнкі,– лічаць прадстаўнікі беларускай апазыцыі. У дзейным парлямэнце і Міністэрстве замежных справаў Беларусі тым часам апраўдваюць рашэньне памежных войскаў аб недапушчэньні эўрапарлямэнтароў на тэрыторыю краіны.

Намесьнік кіраўніка камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Анатоль Красуцкі зазначыў Радыё Свабода, што ягоная камісія рыхтуе адмысловую заяву ў сувязі са спробай прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту ўмяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі.

На думку спадара Красуцкага, Беларусь мае права сама вырашаць, каго дапускаць на сваю тэрыторыю:

(Красуцкі: ) “Нам непатрэбныя місіі дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Для пачатку трэба было зьвярнуцца ў парлямэнт Беларусі з просьбай разгледзець сытуацыю і аказаць садзеяньне. На жаль, яны не палічылі патрэбным зьвярнуцца. Гэта гаворыць пра тое, што яны ўвогуле ігнаруюць дзейную ўладу ў нашай краіне”.

Анатоль Красуцкі нагадвае, што ў Палаце прадстаўнікоў дзейнічаюць групы па сувязях з польскім Сэймам і Эўрапарлямэнтам.

(Красуцкі: ) “Хто зьвярнуўся з Эўрапарлямэнту да нашай дэлегацыі па гэтых пытаньнях? Мы ж прадстаўляем ўладу і народ Беларусі... Я ж як дэпутат ня еду ў Польшчу і не кажу там нейкай групе, беларускай грамадзкай арганізацыі, як сябе паводзіць у Польшчы з улікам канкрэтных абставінаў, напрыклад, калі нашую беларускую мову не прызнавалі ў Сэйме. Я ж не паехаў разьбірацца, чаму беларуская мова не мае права гучаць там у Польшчы”.

Тым часам прадстаўнік МЗС Беларусі Марыя Ваньшына апраўдала дзеяньні памежнікаў нядаўняй заявай свайго ведамства з асуджэньнем прыезду ў Горадню віцэ-сьпікера Сэйма Польшчы Доналда Туска.

(Ваньшына: ) “МЗС ужо папярэджваў, што падобныя паездкі будуць прыпыняцца. Відаць, адпаведныя органы палічылі мэтазгодным не пускаць іх на тэрыторыю Беларусі”.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка сёньня меўся спаткацца з дэлегацыяй Эўрапарлямэнту, каб абмеркаваць сытуацыю з Саюзам палякаў Беларусі і супрацоўніцтва ў галіне дэмакратыі.

(Вячорка: ) “Зразумела, што нікому ня ўдасца парваць нашыя сувязі з навакольным сьветам, гэта анэкдатычна. Кантактавалі і будзем кантактаваць. Мы адкрытыя сьвету, як і сьвет для нас, беларускіх дэмакратычных сілаў, БНФ. Іншая рэч, што сабе думаюць Лукашэнка і ягонае атачэньне. Сёньня яны фактычна абвясьцілі дыпляматычна-палітычную вайну самому Эўрапейскаму зьвязу. Я ня надта разумею, якія ў Лукашэнкі за плячыма ёсьць рэсурсы, каб весьці такую вайну”.

На думку Вінцука Вячоркі, гэтыя падзеі абвастраюць ня толькі канфлікт вакол польскай меншасьці ў Беларусі, але і канфлікт вакол Лукашэнкі:

(Вячорка: ) “Таму што тут Лукашэнка кінуў выклік ўсяму эўрапейскаму супольніцтву, як яго старэйшай, так і навейшай часткам. Ён абразіў Эўрапарлямэнт, ён абразіў інстытуцыі Эўрапейскага Зьвязу”.

Менскі палітоляг Аляксей Кароль лічыць, што “беларускія ўлады пачалі “халодную вайну” з Захадам” і разьлічваюць “кансалідаваць грамадзтва, стварыўшы вобраз зьнешняга ворага.”

(Кароль: ) “На мой погляд, у дадзеным выпадку ўлады нават зыходзячы са сваёй ўласнай пазыцыі самазахаванасьці, памыляюцца. Іх пазыцыя выкліча больш вострую, рэзкую рэакцыю Захаду. І, магчыма, адбудзецца тое, на што спадзяваліся дэмакратычныя сілы – гэта кансалідацыя пазыцый заходніх краінаў у адносінах да палітычнага рэжыму ў Беларусі”.

Гл. таксама • Дэлегацыю Эўрапарлямэнту не пусьцілі ў Беларусь
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG