Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэлегацыю Эўрапарлямэнту не пусьцілі ў Беларусь (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Беларусь не пусьцілі дэлегацыю Эўрапарлямэнту ў складзе намесьніка старшыні Эўрапарлямэнту Яцка Сарыюш-Вольскага, кіраўніка дэпутацкай групы па сувязях зь Беларусьсю Богдана Кліха і дэпутатаў Багуслава Соніка і Барбары Кудрыцкай. Гэта адбылося на памежным пераходзе Кузьніца Беластоцкая – Брузгі. Разам зь імі ў Горадню ехаў кіраўнік гарадзкіх уладаў Беластоку Рышард Тур.

Інфармацыю аб маючым адбыцца візыце прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту распаўсюдзіў Генэральнага консула Польшчы ў Горадні Анджэя Крантоўскага. Ён сказаў, што ў паездцы ўдзельнічае мэр Беластоку, каб сустрэцца са сваім гарадзенскім калегам.

Плянавалася, што госьці з Эўрапарлямэнту ў Генэральным консульстве сустрэнуцца а 16-й гадзіне з кіраўніком Саюзу палякаў Анжалікай Борыс. Прыблізна ў гэты час у консульства прыбыла яна сама, яе намесьнік Юзаф Пажэцкі і кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Саюзу Мечыслаў Яскевіч.

Неўзабаве стала вядома аб тым, што прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту не пусьцілі ў Беларусь. Пасьля гэтага зьявіліся зьвесткі, што ў консульстве адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя, і туды накіраваліся ўсе польскія журналісты, якія прыехалі ў Горадню. У астатніх журналістаў, у тым ліку у здымачнай групы REN-TV ахова спраўдзіла дакумэнты і іх папрасілі пачакаць.

Хвілінаў празь дзесяць выйшаў консул Януш Дамброўскі і сказаў, што, на жаль, беларускіх і расейскіх журналістаў у консульства не запрашаюць.

Я папрасіў яго пацьвердзіць інфармацыю наконт дэлегацыі Эўрапарлямэнту, і ён сказаў, што сапраўды чатырох яе прадстаўнікоў і Рышарда Тура не пусьцілі ў Беларусь, і яны мусілі вяртацца ў Беласток.

***

Прадстаўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту Богдан Кліх расказаў Польскаму тэлебачаньню пра здарэньне на польска-беларускай мяжы. Ён паведаміў, што ім давялося доўга чакаць на мяжы, пакуль беларускія памежнікі вырашалі, ці можна іх пусьціць у Беларусь.

Нарэшце да дэлегацыі выйшаў начальнік памежнага пераходу, які сказаў польскім палітыкам і дыпляматам, што атрымаў загад не ўпускаць эўрапейскіх парлямэнтараў і мэра Беластоку на тэрыторыю Беларусі.

Начальнік памежнага пераходу адмовіўся даваць больш падрабязныя тлумачэньні і сказаў дэпутатам, што свае пытаньні яны мусяць накіроўваць у консульства РБ у Беластоку.

Паводле Богдана Кліха, Менск парушыў беларуска-польскую дамову аб магчымасьці перасякаць мяжу для асобаў, якія маюць дыпляматычныя пашпарты, у выпадку чаго наяўнасьць візы неабавязковая.

Ён таксама сказаў, што яны паведамяць аб здарэньні на польска-беларускай мяжы Эўрапарлямэнту.

Прадстаўнік Эўрапейскай Камісіі Мікалай Даўгілевіч, камэнтуючы адмову беларускіх уладаў на ўезд у краіну дэпутатаў Эўрапарлямэнту заявіў, што беларускія ўлады чарговы раз паказалі, што яны не паважаюць правы ня толькі сваіх гарамдзянаў, але таксама парушаюць міжнародныя нормы.

“Такія паводзіны заслугоўваюць толькі на тое, каб іх асудзіць”, - заявіў Даўгілевіч.

Гл. таксама • Дэпутат Палаты прадстаўнікоў: “Нам непатрэбныя місіі Эўразьвязу!” • Памежныя войскі: забарона ўезду для Эўрадэпутатаў была законнай • А.Мілінкевіч: "Я быў вельмі ўсьцешаны, што прыяжджае дэлегацыя такога высокага ўзроўню" • Богдан Кліх пра здарэньне на мяжы: "Гэта відавочнае бяспраўе" • Віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту: час рабіць рашучыя крокі ў справе Беларусі
XS
SM
MD
LG