Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа ўзмацняе барацьбу супраць тэрарыстаў


Юры Дракахруст, Прага Нямецкі ўрад сёньня абнародаваў новыя меры, скіраваныя на ўзмацненьне барацьбы з тэрарызмам. Рашэньні Бэрліну палягаюць у адным рэчышчы з мерамі, раней абвешчанымі Вялікай Брытаніяй і Францыяй. Гэтая новая палітыка грунтуецца на ўпэўненасьці, што адных паліцэйскіх дзеяньняў недастаткова, каб прадухіліць напады.

Рашэньне нямецкага ўраду было прынятае паводле прапановаў як апазыцыі, гэтак і кіруючай сацыял-дэмакратычнай партыі. Пакет мераў прадугледжвае, у прыватнасьці, магчымасьць дэпартацыі замежнікаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да тэрарызму ці ва ўхваленьні яго. Раней нямецкая юрыдычная сыстэма не дазваляла гэтага рабіць.

Улады Баварыі пачалі ўжываць падобныя захады, не чакаючы фэдэральнага рашэньня. На мінулым тыдні з Баварыі былі высланыя 6 іракцаў, зьвязаных з курдзкай экстрэмісцкай групоўкай, было спыненае фінансаваньне мусульманскай школы ў Мюнхене, падазраванай у сувязях з групоўкай “Мусульманскае брацтва”.

У Францыі міністар унутраных справаў Нікаля Сарказі яшчэ у ліпені паведаміў, што асобы, якія абараняюць гвалт, будуць высылацца з краіны.

На мінулым тыдні прэм''ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр абнародаваў шэраг заканадаўчых паправак, скіраваных супраць паўтарэньня нападаў, якія адбыліся ў Лёндане 7 і 21 ліпеня. Гэтыя патраўкі даюць юрыдычную магчымасьць выслаць з краіны любога замежніка, які заклікае да гвалту ці апраўдвае яго і пазбавіць брытанскага грамадзянства любога ўцекача, які рабіў бы падобныя заклікі. Акрамя таго, урад атрымлівае магчымасьць зачыняць мячэці, у якіх сьвятары апраўдваюць тэрарызм.

Гэтыя прапановы выклікаюць пэўную занепакоенасьць праваабаронцаў. Гаворыць Джэймс Рос – юрысконсульт праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch:

(Рос: ) "Гэтыя меры сфакусаваныя на не-грамадзянах Вялікай Брытаніі. Але апошнія атакі ў Лёндане былі зробленыя як раз брытанскімі грамадзянамі. Навідавоку пэўная дыскрымінацыя".

Вялікая Брытанія падпісала Эўрапейскае пагадненьне ў правах чалавека, якая забараняе выдаваць імігрантаў у краіны, дзе ім могуць пагражаць катаваньні і сьмяротнае пакараньне. Тоні Блэр паведаміў, што яго ўрад вядзе перамовы з шэрагам краінаў аб тым, каб яны гуманна абыходзіліся з асобамі, якіх у Лёндана можа ўзьнікнуць патрэба высылаць. Ужо атрыманыя гарантыі ад Ярданіі, ідуць перамовы з Альжырам, Эгіптам і Тунісам.

Джон Самплз з вашынгтонскага інстытуту Като гаворыць, што заходнія ўрады павінны знайсьці балянс паміж свабодай сваіх грамадзян і бясьпекай.

(Самплз: ) "У ЗША ёсьць старое прыслоўе, якое тычыцца Першай папраўкі да Канстытуцыі: “Канстытуцыя не зьяўляецца дамовай аб самазабойстве”. Гэта справядліва і для Вялікай Брытаніі. Ніводнае грамадзтва на Зямлі ня можа свабодна даваць слова тым, хто апраўдвае тэрарызм. Ніводнае. Большасьць краінаў сьвету ў падобнай сытуацыі прынялі б значна больш жорсткія меры, чым гэта зрабіла Вялікая Брытанія".

Аднак паводле Джона Самплза невядома, ці пойдзе брытанскі ўрад на чарговыя абмежаваньні і ці здолеюць брытанцы стрымаць сваё абурэньне.

(Самплз: ) "Існуе вялікая небясьпека, што брытанскі ўрад зойдзе ў сваіх мерах занадта далёка і ад іх пацерпяць ня тыя людзі, якія заклікаюць да гвалту. І гэта можа адбыцца не па волі ўраду. Ужо зараз лёнданская паліцыя фіксуе вялікую колькасьць інцыдэнтаў, якія можна ахарактарызаваць, як антымусульманскія – гэта ня гвалт адносна мусульманаў, але перасьлед і таму падобнае".
XS
SM
MD
LG