Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіча вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу ...на “хіміі”


Любоў Лунёва, Менск Баранавіцкая міліцыя зьвінавачвае Міколу Статкевіча ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу на тэрыторыі спэцкамэндатуры. Ад 29 ліпеня Мікола Статкевіч адбывае пакараньне ў Баранавічах на так званай “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка мінулага году супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.

Гэтая адміністрацыйная справа супраць Міколы Статкевіча распачатая паводле 167-га артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу. Яго абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. Сьледчы ўжо апытаў спадара Статкевіча.

Калі ж адьыўся "несанкцыяваны мітынг"? У дзень прыезду да брамы спэцкамэндатуры палітыка праводзілі паплечнікі й прадстаўнікі мясцовых філіяў дэмакратычных арганізацыяў. Супрацоўнікі баранавіцкай міліцыі палічылі гэта несанкцыянаваным мітынгам.

Адміністрацыйную справу вядзе Берасьцейскае абласное аддзяленьне Камітэту ў выкананьні пакараньняў. Мікола Статкевіч лічыць, што справу распачалі дзеля таго, каб пазбавіць яго некаторых свабод, прадугледжаных унутраным распарадкам.

(Статкевіч: ) “Наколькі я зразумеў, ініцыятыва распачаць гэтую справу належыць гарадзкой міліцыі. Менавіта паводле гэтай лініі, а ня лініі дэпартамэнту ў выкананьні пакараньняў разглядаецца магчымасьць абмежаваць мяне ў кантактах. Калі мяне прызнаюць у нечым вінаватым, я пазбаўлюся магчымасьці празь месяц атрымаць звальненьне на некалькі сутак. Я думаю, што нельга будзе ставіць пытаньне аб тым, каб жыць штодня зь сям’ёй і адзначацца ў камэндатуры. Думаю, што загадзя разглядаюцца магчымасьці не дапусьціць такіх варыянтаў”.

Калі Міколу Статкевіча пакараюць паводле адміністрацыйнага артыкулу, то гэта будзе лічыцца першым парушэньнем рэжыму. Паводле інструкцыі, калі няма парушэньняў, то асуджанаму могуць дазволіць жыць са сваёй сям’ёй (пры ўмове, што яна будзе арандаваць жытло ў мясцовасьці, дзе знаходзіцца спэцкамэндатура). У выніку трох парушэньняў асуджанага наагул могуць пазбавіць магчымасьці наведваць сям’ю на выходныя. Апроч таго, на такіх пакараных не распаўсюджваецца амністыя.

Варта нагадаць: Міколу Статкевіча судзілі разам з Паўлам Севярынцам за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка супраць вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Іх пакаралі трыма гадамі абмежаваньня волі, але — з улікам амністыі — адбываць пакараньне яны будуць два гады. Эўрапейская кааліцыя вылучыла Міколу Статкевіча прэтэндэнтам на адзінага кандыдата ў прэзыдэнты на маючыя адбыцца выбары. На думку апазыцыйнага палітыка, гэта стала адной з прычын рэпрэсіяў з боку ўлады.

Паўла Севярынца пакуль не накіравалі ў спэцкамэндатуру, але паведамілі, што пытаньне вырашыцца цягам тыдня.
XS
SM
MD
LG