Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьмічныя праграмы пераарыентуюцца на Марс


Кастусь Бандарук, Прага У гэтыя хвіліны плянэта Марс з хуткасьцю 36,000 км/г набліжаецца да Зямлі. Увосень дзьве плянэты наблізяцца да мінімальнай адлегласьці 69 мільёнаў кілямэтраў. У сувязі з адноснай блізкасьцю Марса Злучаныя Штаты, Эўразьвяз і Японія маюць намер накіраваць ў касьмічную прастору бесьпілётныя касьмічныя караблі для больш дакладнага вывучэньня найбліжэйшай суседкі Зямлі.

Марс – самая маленькая плянэта Сонечнай сыстэмы – знаходзіцца ў сярэднім на адлегласьці 225 мільёнаў кілямэтраў ад Зямлі. Гэтая плянэта два разы меншая за Зямлю і ў 10 разоў лягчэйшая за яе. Марс робіць адзін абарот вакол Сонца прыблізна раз на два гады. Паверхня Марса нагадвае сухую і халодную пустыню. Тэмпэратура на плянэце вагаецца да мінус 140° градусаў Цэльсія да плюс 15°C. І хаця шырока абмяркоўваецца пытаньне пра магчымасьць жыцьця на Марсе ў мінуўшчыне, вучоныя на падставе апошніх дадзеных сьцьвярджаюць зь вялікай ступеньню пэўнасьці, што на "чырвонай плянэце" былі неспрыяльныя ўмовы для жыцьця. У атмасфэры Марса 95% вуглякіслага газу і 3% азоту. Нягледзячы на адсутнасьць вялікай колькасьці вады і нізкія тэмпэратуры, навукоўцы аднак ня выключаюць, што на Марсе могуць быць ўмовы для пэўных формаў біялягічнага жыцьця. Гэта пацьвердзіў навуковец з Эўрапейскага касьмічнага цэнтру Дан Мэкой.

(Мэкой: ) "Мы глядзім зь Зямлі ў зорнае неба ня толькі з прычыны звычайнай цікаўнасьці, а таму, што мы спадзяемся знайсьці жыцьцё па-за межамі нашай плянэты. Гэта адвечная мэта чалавецтва. Калі мы паглядзім на плянэты ў кірунку Сонца, то выглядае, што яны занадта гарачыя, каб там магло быць жыцьцё. На плянэтах за Марсам занадта холадна для жыцьця. Толькі Марс дае пэўныя надзеі, каб меркаваць, што на ім могуць быць некаторыя сьляды жыцьця".

Бліжэй ад Зямлі, усяго 59 мільёнаў кілямэтраў, Марс апынуўся два гады таму, але і цяпер ён будзе вельмі блізка да нашай плянэты. 30 кастрычніка 2005 году Марс настолькі наблізіцца да Зямлі, што на небасхіле большым і ярчэйшым за яго будзе толькі Месяц. Паводле супрацоўніцы касьмічнай лябараторыі ў Вялікай Брытаніі Гелен Фос, Марс будзе вельмі выразна бачны асабліва ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

Гэтую акалічнасьць хочуць скарыстаць: Злучаныя Штаты, Эўразьвяз і Японія. Эўрапейскае касьмічнае агенцтва ўжо запусьціла бесьпілётны карабель Mars Express, а амэрыканскае касьмічнае агенцтва НАСА накіравала два апараты – "Spirit" і "Opportunity". Цягам 20 месяцаў яны будуць дакладна фатаграфаваць паверхню Марса і аналізаваць сабраную інфармацыю. Гэта дазволіць сабраць дадзеныя, каб у недалёкай будучыні паслаць на Марс карабель з касманаўтамі.

Шмат каго турбуе пытаньне магчымага ўплыву набліжэньня Марса да Зямлі. Дасьледчыца Гелен Фос лічыць, што ў адрозьненьні ад Месяца, Марс не аказвае ніякага фізычнага ўплыву на Зямлю і людзей. Аднак гэтае навуковае тлумачэньне ня ўсіх супакойвае. Цягам тысячагодзьдзяў у астралёгіі, псэўданавуцы, якая зьяўляецца папярэдніцай астраноміі, плянэты разглядаліся як крыніца ўплыву на характар чалавека і ягоны лёс. Марс традыцыйна асацыяваўся зь сілай, вайною, з разгарам эмоцыяў і агрэсіяй. Астролягі займаюцца сваімі прагнозамі і цяпер. Напрыклад, паводле амэрыканскага астроляга Гавінды Мілер, у сувязі з набліжэньнем Марса да Зямлі, у бліжэйшыя паўтары гады з новай энэргіяй разгарыцца вайна, а сярод людзей узмацняцца настроі злосьці і варожасьці.
XS
SM
MD
LG