Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Sueddeutsche Zeitung”: “Эўразьвяз павінен энэргічней падтрымліваць Варшаву"


Алена Струвэ, Менск “На Вісьле небеспадстаўна лічаць, што апошнія антыпольскія акцыі Лукашэнкі ўхваленыя Масквой”, – піша нямецкая “Sueddeutsche Zeitung”.

Як піша “Sueddeutsche Zeitung”, беларускі аўтакратычны лідэр Аляксандар Лукашэнка бачыць пэрманэнтную пагрозу з боку суседняй Польшчы, якая насуперак ягоным папярэджаньням уступіла ў НАТО і Эўразьвяз. Ягонае раздражненьне цяпер усё больш адчувае на сабе польская этнічная меншасьць у Беларусі: рэжым перасьледуе яе лідэраў, кідае іх за краты. Паводле нямецкага выданьня, польскі бок перакананы, што такія дзеяньні санкцыяваныя Масквой.

"Зь нядаўняга часу ў расейскай сталіцы таксама незадаволеныя Польшчай, – зазначае “Sueddeutsche Zeitung”. – Напрыклад, было прынята дзіўнае рашэньне – зрабіць нацыянальным расейскім сьвятам гадавіну разьні палякаў, якія 400 гадоў назад захапілі Крэмль. Альбо: з нападу хуліганаў на дзяцей расейскіх дыпляматаў Масква зрабіла канфлікт міжнароднага маштабу. Нават расейскі прэзыдэнт Пуцін рэзка асудзіў за той інцыдэнт Варшаву".

"За гэтым хаваецца незадаволенасьць Масквы з прычыны ўдзелу палякаў у “аранжавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне, – піша “Sueddeutsche Zeitung”. – Памянёныя перамены ў постсавецкай краіне Крэмль расцаніў як уласную паразу. Ня выключана, што цяпер Масква вырашыла пакараць палякаў за тое, што Квасьнеўскаму як прадстаўніку Эўразьвязу ўдалося дамагчыся правядзеньня паўторнага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны".

"Эўразьвяз не павінен забывацца, што тым самым кіраўніцтва Польшчы зрабіла вялікую паслугу Эўропе – бо дэмакратызацыя Ўкраіны азначае вялікую стабільнасьць. Таму іншыя краіны Эўразьвязу мусяць больш энэргічна, чым дагэтуль, падтрымліваць Польшчу ў яе канфліктах з Масквой і Менскам", – лічыць аглядальнік “Sueddeutsche Zeitung”.
XS
SM
MD
LG