Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “Нашчадкі знойдуць Слонім пад шкляным сьметнікам”


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку за 8 жніўня.

“Белорусская газета” ў сёньняшнім нумары аналізуе ідэю стварэньня ў Беларусі Парку высокіх тэхналёгіяў. Гэты праект на мінулым тыдні разглядаўся на нарадзе найвышэйшага кіраўніцтва краіны. Чакаецца, што ўжо ў верасьні праект будзе зацьверджаны Аляксандрам Лукашэнкам. Рэалізацыя ідэі, як зазначае выданьне, ставіць на мэце ператварыць Беларусь “у суцэльную сыліконавую даліну”. Прычым, мяркуецца, што вытворчасьць праграмнага прадукту павінна быць запушчаная ўжо блізкім часам. А між тым, паводле газэты, атачэньне Лукашэнкі ня мае цьвёрдай упэўненасьці ў плённасьці праекту. Чыноўнікі Савету міністраў ды прэзыдэнцкай Адміністрацыі прыкладаюць вялікія намаганьні, каб сьпіхнуць адзін на аднаго працу для стварэньня Парку высокіх тэхналёгіяў. Ніхто ня хоча браць адказнасьці за “сыліконавую даліну”. “На загад зьверху навука разьвівацца ня можа”, – нагадвае “Белорусская газета”.

“Брестская газета” зьвяртаецца да тэмы якасьці айчыннага рынку тытунёвых вырабаў. Газэта нагадвае, што курцы штогод спажываюць у Беларусі каля 16 мільярдаў цыгарэт. Сёлета ўрад з мэтай падтрымкі айчынных таваравытворцаў амаль удвая зьнізіў імпарт цыгарэт замежнай вытворчасьці. Іх мяркуецца завезьці ўсяго 2 мільярды штук. Газэта правяла дасьледаваньне спажывецкага попыту берасьцейскіх курцоў. Як засьведчыла апытаньне, маладыя берасьцейцы аддаюць перавагу цыгарэтам вядучых замежных фірмаў. На іхную думку, нягледзячы на тое, што беларускія цыгарэты каштуюць амаль столькі ж, колькі імпартныя, іх якасьць яшчэ значна саступае замежным. Апытаньне “Брестск’ай газеты” засьведчыла таксама, што спроба дзяржавы абмежаваць ужываньне курцамі якасных тытунёвых вырабаў бясплённая. Замежныя цыгарэты тыя ж, напрыклад, берасьцейскія спажыўцы набываюць на “чорным” рынку.

“Газета Слонімская” прапануе сваім чытачам публікацыю пра бутэлькавы бізнэс. Прахаладжальныя напоі ў Слоніме прадаюць “за кожным паваротам”, а прымаць бутэлькі з-пад іх ніхто ня хоча. З раніцы ля прыймовых пунктаў у гэтым горадзе выстройваюцца чэргі слонімцаў з парожнімі бутэлькамі. Некаторыя нават прыходзяць загадзя: за гадзіну – другую да адкрыцьця пунктаў. Але тары на ўсіх усё роўна не хапае. У аддзеле гандлю і бытавых паслуг Слонімскага райвыканкаму выданьню патлумачылі, што праблема з бутэлькамі насамрэч у горадзе стаіць вельмі востра. Чыноўнікі, вядома, паабяцалі, што ў хуткім часе яна вырашыцца. “Газета Слонімская” ня ўпэўненая ў гэтым і не выключае, што “нашчадкі знойдуць Слонім пад шкляным сьметнікам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG