Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Частка сяброў Саюзу палякаў не змагла трапіць на спаборніцтвы Палёніі


Сяргей Астраўцоў, Горадня У выхадныя ў Польшчы пачаліся спартовыя гульні Палёніі – польскай дыяспары. Яны будуць доўжыцца да 14 жніўня. Аднак ня ўсе прадстаўнікі Саюзу палякаў Беларусі змаглі трапіць на гэтыя гульні праз канфлікт, які трывае вакол СПБ... А тым часам былое кіраўніцтва Саюзу з дапамогай уладаў працягвае вылучэньне кандыдатаў на паўторны зьезд СПБ, што мае адбыцца 27 жніўня ў Ваўкавыску. Праз гэтую кампанію Саюз палякаў сталі пакідаць актывісты.

Аргкамітэт сёлетніх спартовых гульняў Палёніі запрасіў у Варшаву 34 прадстаўнікоў Саюзу палякаў Беларусі. А якраз разгараўся канфлікт вакол Саюзу палякаў, таму большай частцы кандыдатаў кіраўніцтвам Саюзу было адмоўлена ў магчымасьці ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Гаворыць кіраўнік Гарадзенскага гарадзкога аддзелу СПБ Мечыслаў Яскевіч:

(Яскевіч: ) “З тых 34-х, як мы ўбачылі са спадарыняй старшынёй СПБ, было 20 чалавек, якія бралі чынны ўдзел у дзеяньнях супраць Саюзу палякаў, частка зь іх удзельнічала ў фільме Беларускага тэлебачаньня, у якім крытыкавалі палякаў. Гэтая дваццатка была папросту адкінутая намі – яны ня маюць права прадстаўляць Саюз палякаў, клюб “Баторы”, які належыць Саюзу палякаў”.

Аднак, паводле спадара Яскевіча, ня трапілі у Варшаву і адабраныя напачатку новым кіраўніцтвам Саюзу спартоўцы. Мечыслаў Яскевіч:

(Яскевіч: ) “14 чалавек – гэта спартоўцы з Горадні, звычайныя хлопцы і дзяўчаты, якіх мы кваліфікавалі як тых, хто мае права браць удзел у гульнях Палёніі. Частка гарадзенцаў і ашмянцаў даслалі пашпарты, каб я зрабіў візы для выезду на гульні. Аказалася, што пашпарты, якія ляжаць у Саюзе палякаў, былі арыштаваныя, і гарадзенцы не паехалі на гульні. А ў суботу я адправіў групу моладзі зь Ліды, з Ваўкавыску і Абухава – яны паехалі на гульні Палёніі”.

Тое, што ўлады абвясьцілі нелегітымным новае кіраўніцтва Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс, якую абралі дэлегаты апошняга 6-га зьезду Саюзу, падзяліла арганізацыю. Пра гэта сьведчаць цяперашнія выбары дэлегатаў на паўторны зьезд СПБ, які хочуць сабраць у Ваўкавыску. Выбары працягваліся і ў выхадныя дні. Гаворыць Анжаліка Борыс:

(Борыс: ) “У Росі адбылося паседжаньне, гэтак званы выбар дэлегатаў, але вельмі многа людзей выйшлі з Саюзу палякаў, бо яны ня хочуць быць у такім саюзе, ня хочуць браць удзелу ў гэтым зьезьдзе. Кіраўнік аддзелу Хамчукоў так зрабіў таксама. З 172 сяброў было 15 чалавек, і прызнана, што гэта нібыта нармальна. Нам закідалі, што ўправы выбіралі дэлегатаў, а тут увогуле сілай прымусілі, сагналі 15 чалавек”.

Я таксама размаўляў з паплечнікамі былога старшыні Саюзу спадара Кручкоўскага, якога па-ранейшаму прызнае Мін''юст, і яны гаварылі: перад апошнім зьездам была парушаная працэдура абраньня дэлегатаў. Маўляў, паводле статуту, дэлегатаў павінны былі выбіраць агульныя сходы, а нярэдка выбіралі ўправы паасобных аддзелаў Саюзу палякаў. Гэта адна з прычынаў, з-за якіх Мін''юст скасаваў вынікі 6-га зьезду СПБ.
XS
SM
MD
LG