Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўгустоўскі канал аднаўляюць без археалягічнай экспэртызы


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня на рэканструкцыі Аўгустоўскага каналу на Гарадзеншчыне ўпершыню пачне працу экспэдыцыя Інстытуту археалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук. Паводле навукоўцаў, гістарычны аб''ект аднаўляецца без археалягічнай экспэртызы, што пярэчыць заканадаўству.

Пра ад''езд экспэдыцыі зь Менску карэспандэнту "Свабоды" паведаміла напярэдадні загадчыца аддзелу Інстытуту археалёгіі Алена Калечыц:

(Калечыц: ) “Аўгустоўкі канал пачалі рэканструяваць без археолягаў. Таму ўвесь час у жаху мы назіралі за тым, што робіцца неймавернае. Датуль там не было ніколі археалягічных працаў. Тэрыторыя каналу – памежная зона. Там не дазволена было працаваць. Вось цяпер мы едзем пасьля шматлікіх зваротаў у розныя інстанцыі. Зробім выведваньні на ўсёй тэрыторыі, каб ведаць, што там пад нагамі. А калі дойдзе час да таго, каб пакапаць і музэефікаваць некаторыя археалягічны помнікі, – гэта мне невядома” .

Паводле Алены Калечыц, праект аднаўленьня Аўгустоўскага каналу не атрымаў археалягічнай экспэртызы, што пярэчыць беларускаму заканадаўству. Чаму так? Навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Міхась Чарняўскі тлумачыць, што абавязковую археалягічную экспэртызу ўзаконілі ў 1992 годзе, калі ў краіне панавалі настроі ў абарону спадчыны Бацькаўшчыны. “Сёньня, – як кажа гісторык Чарняўскі, – археолягі едуць на Аўгустоўскі канал апошнімі. А павінны былі быць першымі”.

(Чарняўскі: ) “Вядома, стала горш. Будаўнікі адбіваюцца да “апошняга патрона”. У зоне каналу ўжо частка стаянак зьнішчаная. І па той, што будзем капаць, трактары ходзяць. Закон ёсьць, але так цяжка дамагчыся ад будаўнікоў яго выкананьня. Усе стараюцца эканоміць”.

Рэканструкцыя Аўгустоўскага каналу адбываецца на загад Лукашэнкі, ён аб''явіў яе ўдарнай будоўляй. За выкананьнем сочаць чыноўнікі Дзяржкантролю. Яго прадстаўнік Уладзімер Панасенка сьпісвае адсутнасьць археалягічнай экспэртызы на неабходнасьць штурмаваць працу.

(Панасенка: ) “Працуе сёньня каля 200 адзінак тэхнікі, 720 чалавек – гэта каля 40 брыгадаў, у тым ліку студэнцкія будаўнічыя атрады, якія налічваюць каля 200 байцоў. Ну, і ўсё ідзе апераджальнымі тэмпамі”.

Між тым удзельнікі археалягічнай экспэдыцыі крытычна ацэньваюць магчымасьці завабіць замежных турыстаў на Аўгустоўскі канал, калі там зьнішчаюць аўтэнтыку. Гаворыць Міхась Чарняўскі:

(Чарняўскі: ) "Невядома, ці будуць плаваць з Польшчы турысты пасьля беларуска-польскіх падзеяў. Але праца пакуль што ня згортваецца. Муляжы будуць паказваць. Платы, пафарбаваныя з боку каналу. Хаты, накрытыя добрым шыфэрам толькі з боку дарогі, з другога боку будуць салома ці дранка. Як гэта цяпер у Беларусі ўсюды робіцца. Ну, савецкая сыстэма. Была, ёсьць і невядома колькі будзе".
XS
SM
MD
LG