Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму палякі абыякавыя да ўнутранай палітыкі?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Беларуска-польскі канфлікт застаецца ў цэнтры ўвагі ўсясьветнай прэсы. Ён дае падставы аналітыкам уважліва паглядзець і на ўнутрыпалітычныя праблемы суседніх дзяржаваў. Часопіс “The Economist” у сьвежым нумары піша, што на тле прыніжэньня ў Беларусі польскай нацыянальнай меншасьці асабліва выразна заўважаецца палітычная абыякавасьць грамадзянаў Польшчы да унутранай палітыкі.

Часопіс падкрэсьлівае, што польска-беларуская мяжа – гэта ня толькі мяжа Эўрапейскага Зьвязу, гэта яшчэ і мяжа паміж двума палітычнымі сыстэмамі. На ўсход ад яе – Беларусь, кіраўніцтва якой смуткуе па савецкай эры. На захад – Польшча і іншыя новыя сябры Эўразьвязу, якія канец камунізму ўспрымаюць як доўгачаканае вызваленьне іх чалавечага, палітычнага і эканамічнага патэнцыялу. “Усе палякі антыкамуністы”, -- цьвердзяць польскія палітыкі, якія рэзка крытыкуюць беларускі рэжым, а прычыны рэпрэсіяў беларускіх уладаў супраць польскай нацыянальнай меншасьці бачаць у тым. што ўжо праз 20 кілямэтраў на ўсход ад мяжы, у Горадні, стаіць помнік Леніну на вуліцы імя Карла Маркса. Беларуска-польскі канфлікт нагадвае палякам пра факты халоднай вайны.

Але што тычыцца ўнутранай палітыкі, дык ніхто ў Польшчы асабліва не імкнецца на барыкады, -- піша часопіс ”The Economist”. Цяпер палякі зжынаюць з карысьці лібэральнай эканомікі, а лібэральная палітыка выклікае ў іх пазяханьне. Яшчэ нядаўна палітычна актыўныя палякі цяпер абыякава ставяцца да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў бліжэйшыя месяцы. Назіральнікі гэта зьвязваюць з тым, што сучасныя палітыкі ня вельмі выразныя, іхняя выразнасьць выяўляецца толькі ў дробных спрэчках паміж сабой. Адзіны палітычны дзеяч міжнароднай клясы, на думку часопісу “The Economist”, – гэта цяперашні прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, які набыў міжнароднае прызнаньне сваім пасярэдніцтвам у часе ўкраінскай рэвалюцыі. Ніхто з цяперашніх кандыдатаў на прэзыдэнта не выяўляе нават прыкметаў адпаведнасьці яму.

Рост дабрабыту таксама выклікае апатыю. Далучэньне да Эўразьвязу стала эканамічна вельмі карысным сярэдняй клясе, якая набыла прывілеі ў экспарце сваёй прадукцыі на Захад. Аднак, у эканоміцы ёсьць і праблемы, які прымушаюць палітыкаў хвалявацца. 4-працэнтны рост эканомікі сёлета затухае, краіна мае самы высокі паказчык беспрацоўя ў Эўразьвязе -- 17,9 працэнтаў. Яшчэ адна вялікая праблема Польшчы – неэфэктыўны грамадзкі сэктар. Нават высокія падаткі не ў стане яго пракарміць. Вынікам – сацыяльныя пратэсты, хоць і не такія актыўныя, як за часы “Салідарнасьці”, якая разбурыла мінулую сыстэму. Гэта праблема ўвогуле ўсіх посткамуністычных краінаў, але тут урад найгорш працуе. Іншыя краіны, як, прыкладам Славаччына, знаходзяць кансэнсус у неабходнасьці новых рэформаў, зьніжэньня падаткаў, паляпшэньня адукацыі. Часопіс падае выказваньне аднаго з польскіх бізнэсоўцаў, што Польшча ёсьць “сьпячым тыграм Эўропы, але гэта час, які мы разбудзілі”.

Як бы там ні было, але праблемы Польшчы – гэта праблемы пераможцаў, а не пераможаных, бо гэтыя ж праблемы застаюцца галаўным болем бальшыні разьвітых дэмакратычных краінаў сьвету. У параўнаньні з тым, што было 10-15 гадоў, у Польшчы шмат дасягненьняў. І бальшыня беларусаў хацела б мець такія ж цяжкасьці, аднак да пераменаў там далёка, -- завяршае свой аналіз часопіс “The Economist”.
XS
SM
MD
LG