Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Бандажэўскі зьбіраецца вярнуцца ў навуку


Валер Каліноўскі, Менск Вызвалены ў мінулую пятніцу з калёніі-пасяленьня прафэсар Юры Бандажэўскі сказаў сёньня ў інтэрвію нашаму радыё, што хоча вярнуцца да навуковых дасьледаваньняў і працягваць барацьбу за здароўе людзей.

Больш за 6 гадоў Юры Бандажэўскі быў пазбаўлены волі. Пасьля ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ён будзе вымушаны яшчэ 5 месяцаў стаяць на ўліку ў міліцыі, выезд за мяжу яму таксама пакуль што забаронены.

Менская кватэра, у якой Бандажэўскі спыніўся, належыць ягоным сваякам, прафэсар ня мае яшчэ пашпарта, працоўнага месца, свайго рабочага стала. Але ён прагне вярнуцца да актыўных навуковых дасьледаваньняў. Навуковай працы былы рэктар Гомельскага мэдынстытуту не спыняў і ў турме, і ў калёніі-пасяленьні. Аналізаваў, пісаў кнігі, артыкулы. Нядаўна скончыў рукапіс кнігі “Філязофія майго жыцьця”. Кніга перакладзеная ўжо на францускую мову і неўзабаве выйдзе ў Францыі пры падтрымцы інстытуту CRIIRAD. Навуковая праца дапамагла яму выжыць у няволі, перакананы прафэсар Бандажэўскі:

(Бандажэўскі: ) “Калі б я не тварыў і не імкнуўся раніцаю ўстаць, спадзеючыся, што я там нешта працягну, я б, напэўна, загінуў, а чаго мне там сядзець? Разумееце, 42 гады, прафэсар, 8 гадоў выраку... Што можа стаць з навукоўцам за 8 гадоў у турме. Што, калі б не навука, што там рабіць, да чаго можна дайсьці?”

Юры Бандажэўскі перанёс у турме сур’ёзныя захворваньні, але здолеў выпрацаваць сваю сыстэму выжываньня ў няволі. Пасьля вызваленьня ён не зьбіраецца мяняць сфэры сваёй дзейнасьці, напрыклад, ісьці ў палітыку. Сваю жыцьцёвую ролю ён вызначыў даўно.

(Бандажэўскі: ) “Мая роля павінна быць сканцэнтраваная, магчыма, нават на арганізацыі працы для далейшага дасьледаваньня праблемы выжываньня чалавека ва ўмовах неспрыяльных фактараў – ня толькі радыяцыйных, а й шмат якіх іншых. Нечым іншым, апрача барацьбы за здароўе людзей, за разуменьне таго, што ім пагражае, наўрад ці я буду займацца. Дастаткова гэтага крыжа”.

Прафэсар Юры Бандажэўскі быў арыштаваны ў 1999 годзе, у 2001-м яго асудзілі на 8 гадоў калёніі, прызнаўшы вінаватым у хабарніцтве. Аднак як айчынныя, так і замежныя праваабаронцы лічаць, што Юр’я Бандажэўскага пакаралі з палітычных матываў – за тое, што вынікі ягоных навуковых дасьледаваньняў разыходзіліся з пазыцыяй афіцыйнай беларускай мэдыцыны. Юры Бандажэўскі міжнароднымі і беларускімі праваабарончымі арганізацыямі быў прызнаны вязьнем сумленьня.

Гл. таксама • Інтэрвію Юрыя Бандажэўскага пасьля выхаду на свабоду
XS
SM
MD
LG