Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Бандажэўскі на свабодзе


Валер Каліноўскі, Менск У пятніцу ўвечары з калёніі-пасяленьня быў вызвалены прафэсар Юры Бандажэўскі -- вядомы навуковец, спэцыяліст у галіне радыяцыйнай мэдыцыны, былы рэктар Гомельскага мэдінстытуту.

Сёньня Бандажэўскі прыехаў у сваю менскую кватэру. Паводле Бандажэўскага, яго вызвалілі зусім нечакана, і ён нават не спадзяваўся на вызваленьне ў гэтым годзе. Згодна ранейшых зьвестак, ягонае датэрміновае вызваленьня магло адбыцца толькі 6 лютага 2006 году.

Паводле Юрыя Бандажэўскага, у калёніі ён па меры магчымасьцяў працягваў займацца навуковай дзейнасьцю. Чатыры гады зьняволеньня ня здолелі памяняць ягоныя погляды. Але ён яшчэ дакладна не можа сказаць, чым будзе займацца далей.

(Бандажэўскі: ) “Вось я адказаў, тут хтосьці мяне пытаў, што ты будзеш рабіць? Жыць. Буду старацца жыць, займацца… Пакуль цяжка сказаць. Усё будзе залежаць ад таго, у якім стане будзе маё здароўе. Наконт здароўя я зараз скажу, што пакуль не ведаю, што са мною адбываецца. Недзе праз тыдзень напэўна будзе вядома. Я маю намер у бліжэйшыя дні абсьледавацца.”

У 2001 годзе спадар Бандажэўскі быў асуджаны на 8 гадоў калёніі паводле абвінавачваньня ў хабарніцтве. Праваабаронцы лічаць, што Бандажэўскага асудзілі паводле палітычных матываў, за тое, што вынікі ягоных навуковых дасьледаваньняў разыходзіліся з пазыцыяй афіцыйнай мэдыцыны ў справе Чарнобылю. Юры Бандажэўскі быў прызнаны вязьнем сумленьня. У турме ён перанёс цяжкія захворваньні. У Францыі дзейнічае камітэт у абарону Бандажэўскага.

Гл. таксама • Інтэрвію Юрыя Бандажэўскага пасьля выхаду на свабоду
XS
SM
MD
LG