Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады абмяжоўваюць працу польскіх журналістаў


Валер Каліноўскі, Менск У сувязі з канфліктам вакол Саюзу палякаў беларускія ўлады пачалі абмяжоўваць працу польскіх журналістаў у Беларусі.Сёньня з Гародні быў дэпартаваны фотакарэспандэнт Адам Тухліньскі, тэлежурналіста Марціна Сьмялоўскага ўлады не ўпусьцілі ў Беларусь на мяжы.

Фотарэпартэра часопісаў “Przekroj” і “Newsweek” Адама Тухліньскага беларускія ўлады сёньня дэпартавалі з Беларусі за тое, што ён нібыта ажыцьцяўляў журналісцкую дзейнасьць без акрэдытацыі МЗС. Яму забаронены ўезд у Беларусь цягам пяці гадоў. Спадар Тухлінскі быў зьдзіўлены, што затрымлівалі яго два міліцыянты ў цывільным, якія ўцягнулі яго ў звычайным аўтамабіль:

(Тухлінські:) “Гэта было больш падобна на бандыцкі напад, аб ніякай законнасьці тут нельга ўвогуле нічога гаварыць у такім выпадку.”

Спадар Тухлінські гаворыць, што прыехаў у Беларусь па турыстычнай візе і рабіў здымкі як турыст у агульнадаступным месцах, што не забаронена законам. Цягам свайго знаходжаньня ў Горадні ніякіх здымкаў у свае СМІ ён не перадаваў. Нічога не здымаў ён і ў момант затрыманьня. Аднак беларускія міліцыянты і не высьвятлялі ў яго ніякіх акалічнасьцяў знаходжаньня ў Беларусі:

(Тухлінські: ) “Са мной ніхто не размаўляў, што я рабіў, як і для чаго”.

Сёньня ж ня быў дапушчаны ў Беларусь іншы польскі карэспандэнт, які меў візу і сталую акрэдытацыю МЗС – тэлежурналіст Марцін Сьмялоўскі. Беларускія памежнікі пратрымалі яго некалькі гадзін, а потым заявілі, што ягонае знаходжаньне ў Беларусі непажаданае. Прычынаў не патлумачылі, гаворыць Марцін Сьмялоўскі.

(Сьмялоўскі: ) “Ніхто не сказаў нічога, апрача таго, што мне не дазволены ўезд у Рэспубліку Беларусь. І гэта было ўсё, што я пачуў ад памежнікаў... Ну якія маглі быць прычыны? Тое, што я раблю цяпер матэрыялы пра Саюз палякаў, ім гэта не падабаецца, а паколькі не маюць да чаго прычапіцца, таму што ў мяне ёсьць і рэгістрацыя, і акрэдытацыя, і службовая віза, то таму проста не пускаюць”.

Сёньня ж адбыўся інцыдэнт з прадстаўніком цыганскай грамады Беларусі праваабаронцам Міколам Калініным, які ў пятніцу нэгатыўна камэнтаваў для беларускай "Свабоды" сытуацыю вакол Саюзу палякаў. Яго таксама затрымалі міліцыянты ў цывільным, гэта адбылося ў Менску, калі ён накіроўваўся на канфэрэнцыю па праблемах нацыянальных меншасьцяў. Міліцыянты паведамілі, што ён падобны да нейкага злачынцы і затрымалі для высьвятленьня на тры гадзіны. Спадар Калінін лічыць гэтыя дзеяньні спробай запалохваньня:

(Калінін: ) “Безумоўна, што гэтае затрыманьне зьвязана з маёй дзейнасьцю ў галіне правоў чалавека, у галіне нацыянальных меншасьцяў. Гэта затрыманьне невыпадковае, я на 100 адсоткаў упэўнены ў гэтым”.
XS
SM
MD
LG