Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Яскевіч расказаў пра ўтрыманьне за кратамі сяброў Саюзу палякаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Наш карэспандэнт спаткаўся з кіраўніком гарадзенскага гарадзкога аддзелу Саюзу палякаў Мечыславам Яскевічам, якога ўчора ўвечары выпусьцілі з-за кратаў пасьля 10-дзённага арышту.

Мы з Мечыславам Яскевічам спаткаліся ў кватэры старшыні СПБ Анжалікі Борыс, да якой ён прыехаў паразмаўляць. На жаль, на сустрэчу спазьніўся намесьнік спадарыні Борыс Юзаф Пажэцкі, які адседзеў суткі разам з спадаром Яскевічам. Яны сядзелі ў Лідзе, а пасадзілі іх разам з журналістам Андрэем Пачобутам нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Шчучыне. Мечыслаў Яскевіч расказаў, у якіх умовах напачатку ім давялося сядзець.

(Яскевіч:) “Мы сядзелі ў адной камэры, але ў ёй было восем чалавек. Два дні было вельмі горача на вуліцы — 35 градусаў, у нас па сьценах вада цякла, было як у лазьні. Было цяжка дыхаць. Мы прасілі, каб нам адчынілі “фортку-кармушку” ў дзьвярах. Міліцыянты сказалі, што гэта “не паложана”.

Спадар Яскевіч зазначыў, што ў такіх умовах яны знаходзіліся тры дні, але потым іх пасадзілі ў лепшую камэру. Ён гаворыць, што журналіста Андрэя Пачобута, якому за кратамі сядзець яшчэ некалькі дзён, у перадапошні дзень ад іх забралі. Мечыславу Яскевічу не было вядома, што ў суседняй камэры таксама знаходзіўся другі журналіст — Анджэй Пісальнік, які трапіў за краты пазьней за іх.

Да Анжалікі Борыс сёньня сыходзіцца ўся інфармацыя адносна дзеяньняў уладаў у канфліктнай сытуацыі з Саюзам палякаў. Навіной дня сталі дзеяньні міліцыі супраць польскіх журналістаў.

(Борыс:) “Я думаю, што гэта робіцца дзеля таго, каб польскія мас мэдыя не агучвалі тую праўдзівую сытуацыю, тое, што адбываецца тут з палякамі. Каб там не гаварылася, як не гаворыцца па Беларускім тэлебачаньні, аб тым, колькі чалавек было арыштавана, не гаворыцца, што Дом польскі пераняты міліцыяй, не гаворыцца таксама аб тым, што людзей прымушаюць узяць удзел у гэтым зьезьдзе ў Ваўкавыску”.

А якраз пра ўсё гэта паведамлялі польскія мэдыі, гаворыць Анжаліка Борыс. Яна лічыць, што гэта робіцца, каб яшчэ больш абвастрыць сытуацыю. Аднак старшыня СПБ зазначае, што ёй пастаянна тэлефануюць журналісты з Польшчы, і ў любым разе яны будуць пісаць аб тым, што адбываецца з Саюзам палякаў.

Тым часам сёньня Анжаліка Борыс высьветліла, што ўчора дала інтэрвію нібыта журналісту БелаПАН, якога ў агенцтве ня ведаюць. Гаворыць Ігар Банцар, які часова выконвае абавязкі прэс-сакратара СПБ:

(Банцар:) “Учора вельмі настойліва званіў нам журналіст, які прадставіўся Сяргеем Строганавым, журналістам БелаПАН, ён хацеў з Анжалікай Борыс зрабіць інтэрвію. Ён даволі дзіўныя пытаньні задаваў, нічога не натаваў, ня меў дыктафона. У асноўным усё зводзілася да таго, якія ў нас далейшыя пляны, што мы думаем рабіць, якая будзе дзейнасьць арганізацыі, хто актывісты і гэтак далей. Карацей, ён нібы выведваў”.

Ігар Банцар гаворыць, што, напэўна, гэта чарговая правакацыя спэцслужбаў. Сама Анжаліка Борыс зазначае, што мужчыну, які прадставіўся карэспандэнтам БелаПАН, асабліва цікавіла, ці не зьбіраецца яна балятавацца на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

На здымку: Мечыслаў Яскевіч пасьля 10-дзённага арышту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG