Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

60 гадоў таму бамбардзіроўшчык Б-29 скінуў ядзерную бомбу на Хірасіму


Кастусь Бандарук, Прага 60 гадоў таму ў суботу бамбавік Б-29 Энола Гэй скінуў атамную бомбу на японскі горад Хірасіму. Амэрыканцы апраўдвалі гэты ўдар неабходнасьцю паскорыць завяршэньне вайны і абысьціся без уварваньня на тэрыторыю Японіі амэрыканскага войска, што прывяло б да значных стратаў. І сапраўды, Японія празь некалькі дзён, калі амэрыканцы скінулі другую бомбу на Нагасакі, пагадзілася здацца. У выніку бамбаваньня Хірасімы загінулі больш за 100 тысячаў чалавек. З тых, хто застаўся ў жывых, адна з самых маладых Кока Танімота-Конда. У дзіцячым узросьце яна паклялася адпомсьціць, але падзея, якая адбылася пазьней, прывяла яе да прымірэньня.

Танімота-Конда, дачка хрысьціянскага прапаведніка, была немаўляткам, калі на горад ўпала бомба. На руках у сваёй маці яна апынулася пад развалінамі будынку, які знаходзіўся ўсяго за паўтары кілямэтра ад эпіцэнтру выбуху. На дзіва, яе выцягнулі спад руінаў нават не параненай.

Самыя раньнія ўспаміны Танімота, гэта мноства людзей параненых і зьнявечаных агнём, у тым ліку маладых жанчын, якіх пасьля сталі называць “Дзевамі Хірасімы”. Яна была сьведкам неверагодных пакутаў людзей і ейнай дзіцячай сьвядомасьці ўмацоўвалася жаданьне помсты супраць таго, хто зрабіў гэтае жудаснае злачынства.

У 1955 адбылася падзея, якая зьмяніла ейнае жыцьцё і ейны сьветапогляд. Бацька Танімота спадарожнічаў з 25 японкамі, якія ў ЗША павінны былі прайсьці плястычную апэрацыю. Яго запрасілі да ўдзелу ў папулярнай тэлепраграме “Гэта маё жыцьцё”.

(Танімота-Конда: ) “Я пазнавала ўсіх людзей на экране тэлевізара. Хаця мне было ўсяго 10 гадоў, я была вельмі цікаўная. Я спыталася ў маці: "а хто гэта той мужчына?" Гэта капітан Робэрт Луіс, які быў другім пілётам бамбавіка Б-29 Энола Гэй”.

Танімота чула, як пілёт расказваў падрабязнасьці пра атамную атаку на Хірасіму. Ён меў ўсе падставы лічыць сябе чалавекам, які адыграў важную ролю ў гісторыі, які паскорыў канец вайны, але ў яго не было пачуцьця гонару за свой учынак. Танімота-Конда ўбачыла на экране чалавека прыгнечанага сваім учынкам і поўнага раскаяньня.

(Танімота-Конда: ) “Капітан Луі сказаў, што ён бачыў з самалёту Хірасіму. Калі горад зьнік з поля ягонага зроку ён усклікнуў "Божа, што мы зрабілі?" Я думала, што гэты чалавек – мой вораг. Але калі я пачула ягоныя словы, калі ўбачыла ягоныя сьлёзы, я адчула сябе вінаватай за гэтае асуджэньне. Я прашаптала ў малітве "Божа, даруй мне, што я ненавідзела гэтага чалавека". Калі нехта заслугоўвае нянавісьці, дык гэта сама вайна, а ня гэты чалавек. Даруй мне”.

Танімота-Конда зьяўляецца адной з найбольш вядомых ў сьвеце ахвяраў Хірасімы. Гэтак як іншыя людзі, якія 6 жніўня 1945 году перажылі атамную атаку, яна зьяўляецца гарачай прыхільніцай антыядзернай кампаніі і разбраеньня. Яна часта выяжджае за мяжу, расказвае пра свой досьвед і заклікае да прымірэньня. У дзень, калі яна дала інтэрвію нашаму Радыё яна праводзіла экскурсію амэрыканскіх студэнтаў ў Музэі Хірасімы. “Усё, што я магу зрабіць, гэта заклікаць такіх людзей як яны імкнуцца да міру”.
XS
SM
MD
LG