Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Частка апазыцыі ўхваліла вяшчаньне “Нямецкай хвалі” па-расейску


RFE/RL Многія слухачы Радыё Свабода абураныя рашэньнем "Нямецкай хвалі" вяшчаць на Беларусь па-расейску. Тым часам некаторыя беларускія апазыцыйныя палітыкі лічаць такое рашэньне правільным.

Вось як яны аргумэнтуюць сваё рашэньне:

(Клімаў:) “Вяшчаньне мусіць быць на дзьвюх мовах, бо ў нас другая дзяржаўная мова – расейская. Місія моўна-культурніцкая мусіць выконвацца людзьмі іншых прафэсіяў – мовазнаўства, філялёгіі. Я не прэтэндую на дасканалае валоданьне беларускаю моваю. Калі глядзець на тое, што былі ГУЛАГі, рэпрэсіі, прамыўка мазгоў і фармаваньне нашай нацыі адбываецца зь перарывам у 400 год, выкінутых з генэалягічнага дрэва, трэба фармаваць нацыю наноў”.

(Фралоў: ) “Думаю, што гэта будзе больш зразумела людзям, бо, на жаль, у нас вельмі шмат людзей гавораць на расейскай мове. І калі вяшчаюць па-расейску, мне падаецца, людзі гэтаму больш давяраюць. А калі гавораць па-беларуску, выхаваныя прапагандаю людзі ацэньваюць, што гэта нейкія "адмарозкі". Ну так у нас ацэньваюць. Як мне здаецца, вялікая частка насельніцтва. І даверу нашмат меней”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька у інтэрвію беларускай Свабодзе падкрэсьліў, што беларускае вяшчаньне было б больш слушным:

(Лябедзька: ) “Канечне, беларускамоўны варыянт. Але калі я не магу паўплываць, мы ня можам паўплываць на разьвіцьцё падзеяў, то на расейскай мове – гэта лепш, чым нічога”.

Станіслаў Шушкевіч, адзін зь лідэраў беларускіх сацыял-дэмакратаў, імя якога трывала асацыюецца з набыцьцём сувэрэнітэту, заявіў “Беларускай Свабодзе”.

(Шушкевіч: ) “Я лічу, што трэба, каб яны вяшчалі па-беларуску. Інакш гэта будзе дапамога тым, хто руйнуе Беларусь. Ня ведаю, хто з калегаў па дэмакратычнай апазыцыі гэта падтрымаў…”

(Карэспандэнтка: ) “Спадары Клімаў, Чыгір, Фралоў.”

(Шушкевіч: ) “Яны мне не калегі ў такім выпадку. Я лічу, што Беларусь павінна слухаць радыё на беларускай. Я ганаруся тым, што атрымаў ліст ад Яна Паўла ІІ, сьветлай памяці, дзе ён пісаў, што беларусы-каталікі будуць гаварыць з Богам па-беларуску.

Я лічу, што немцам трэба ўзяць прыклад з гэтага. Тое, што праграма зьявіцца нават і па-расейску, ня дрэнна. Але дапамагаць расейцам панаваць тут ня трэба. Я думаю, расейскамоўныя праекты паспрыяць яднаньню нацыі ня могуць. Можна ўсё ж дапамагаць Беларусі ў адраджэньні яе беларускасьці, якая зьняважаная, зьнявечаная і затаптаная ў бруд ня толькі расейскімі імпэршчыкамі, але й тутэйшымі адаптантамі, якія забыліся, на якой зямлі яны жывуць”.

***

Дэпутат Эўрапарлямэнту Браніслаў Герэмэк раней выказваўся за арганізацыю Эўразьвязам беларускамоўнага вяшчаньня. Па-беларуску вяшчаюць іншыя радыёстанцыі, фінансаваныя з-за мяжы – беларускія рэдакцыі “Радыё Свабода”, “Радыё Ватыкан”, Швэдзкага й Польскага радыё. Рашэньне “Нямецкае хвалі” арганізаваць штодзённае паўгадзіннае вяшчаньне на Беларусь па-расейску выклікала неадназначную рэакцыю грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Гл. таксама • Дырэктар расейскай рэдакцыі: “Нямецкая хваля” ня мае магчымасьці пачаць вяшчаньне на дадатковай мове • Ганс-Георг Вік: Мы ня супраць беларускай мовы, гэта праблема фінансаў • Што думаюць у Беларусі пра вяшчаньне “Нямецкай хвалі”? • Зянон Пазьняк камэнтуе рашэньне Эўракамісіі і "Нямецкай хвалі" • Івонка Сурвіла: “Рашэньне Эўракамісіі сьведчыць аб неразуменьні сытуацыі”
XS
SM
MD
LG