Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі эканамічны экспэрт кажа, што эканамічны стан Беларусі няпэўны


Алена Струвэ, Менск Цяперашняя эканамічная стабільнасьць у Беларусі можа праіснаваць найболей два гады, а далей пачнуцца вялікія праблемы, зрабілі выснову нямецкія эканамічныя экспэрты-ўдзельнікі адмысловай навукова-практычнай канфэрэнцыі ў Карлсруэ.

Як лічыць мюнхэнскі эканамічны экспэрт Герман Клемэнт, цяперашняя эканамічная сытуацыя ў Беларусі зь яе стабільнай выплатай пэнсіяў і заробкаў ня можа выклікаць у грамадзтве нейкай хвалі пратэстаў і стаць падставай для чарговай каляровай рэвалюцыі.

Паводле афіцыйных беларускіх паказчыкаў, апошняе дзесяцігодзьдзе штогадовы эканамічны прырост ў краіне складае прыкладна 6%.

(Клемент:) “Як рынкавы эканаміст, я гэтага растлумачыць не магу. Паказчыкі настолькі добрыя, што зьдзіўляюць. Дарэчы, Беларусь, Узбэкістан, Туркмэністан — тыя краіны, якія паводле статыстыкі, першымі дасягнулі паказчыкаў 1989 году. Іншая справа, наколькі карэктныя падобныя падлікі”.

Паводле спадара Клемэнта і ягоных калегаў эканамічных экспэртаў, гэтыя паказчыкі могуць быць вынікам маніпуляцыяў.

(Клемэнт: ) “Я не палітоляг, а эканаміст, аднак з майго гледзішча, многае сьведчыць пра тое, што пасьпяховага разьвіцьця ў гэтай краіне быць ня можа. Рост эканомікі падтрымліваюць кошты на нафтапрадукты і мінэральныя ўгнаеньні — галоўныя экспартныя прадукты краіны. Дзеля палітычных вынікаў выкарыстоўваюцца самыя розныя мэханізмы. Штучна, паводле ўказаньня чыноўнікаў, фірмы ўздымаюць заробкі працаўнікоў. Доўгі час гэта працягвацца ня можа. Часу хопіць на правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў. Тэарэтычна — на некалькі год”.

Як лічыць нямецкі экспэрт, адсутнасьць рэформаў, абмежаваная дзейнасьць рынкавых сілаў, цэнтралізаванае кіраваньне цэлымі сэктарамі – усё гэта можа выклікаць самыя сур’ёзныя праблемы.

(Клемэнт: ) “Што мяне зьдзіўляе, дык гэта тое, што беларускае насельніцтва захоўвае грошы ў мясцовых банках пры ўсёй іхнай ненадзейнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG