Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў салідарныя з палякамі


Валер Каліноўскі, Менск Захоп будынку Саюзу палякаў, ціск на лідэраў арганізацыі, арышты яе актывістаў выклікалі занепакоенасьць прадстаўнікоў іншых нацыянальных меншасьцяў Беларусі.

Адзін зь лідэраў габрэйскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Якаў Басін, гаворачы пра салідарнасьць з Саюзам палякаў, выказаў меркаваньне, што ўлада хоча праз гэты канфлікт кансалідаваць сваіх прыхільнікаў. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, пры міжнароднай ізаляцыі краіны, гэта вельмі небясьпечна для грамадзкага міру, перакананы Якаў Басін.

(Басін: ) “Мне падаецца, што сёньня гэта — нацыянальная трагедыя, таму што на тле ўсеагульнай русыфікацыі, якая цяпер ідзе ў дзяржаве, гэта сьведчыць аб яшчэ адной спробе гвалтоўнай асыміляцыі асобнага народу”.

Якаў Басін і іншыя прадстаўнікі габрэйскіх суполак Беларусі не аднойчы зьвярталі ўвагу ўлады на праявы ідэалягічнага антысэмітызму, аднак не дамагліся ад яе рашучых дзеяньняў. Спадар Басін выказаў занепакоенасьць выкарыстаньнем уладай міліцэйскіх падразьдзяленьняў пры завалодваньні офісам Саюзу палякаў у Горадні, арыштамі лідэраў арганізацыі:

(Басін: ) “Сілавыя спробы вырашыць пытаньне — амаральныя. Я на сваім габрэйскім народзе гэта ведаю, вывучаючы ягоную гісторыю. Спроба сілавога вырашэньня габрэйскага пытаньня прывяла да шматлікіх трагедыяў, уключна з галакостам”.

Паводле спадара Басіна, беларуская дзяржава мала робіць для зьберажэньня культураў і самабытнасьці нацыянальных меншасьцяў.

Кіраўнік Беларускага грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў “Ватра” Віктар Гутоўскі сьведчыць пра тое, што асаблівай падтрымкі ад дзяржавы ня мае і ягоная дыяспара:

(Гутоўскі: ) “Ва ўсіх дэмакратычных дзяржавах, напрыклад, у Эстоніі, украінцы, якія пражываюць, атрымалі памяшканьні, магчымасьці, яны могуць там працаваць. У нас жа ў Беларусі нічога гэтага няма. І ня толькі ва ўкраінцаў няма памяшканьняў, але і ў іншых дыяспараў”.

Разьвіцьцё падзеяў вакол Саюзу палякаў турбуе і ўкраінцаў, асабліва бянтэжаць арышты лідэраў СПБ, зазначае Віктар Гутоўскі.

(Гутоўскі: ) “Такое разьвіцьцё падзеяў нам не патрэбнае, нікому зь меншасьцяў. Кожная з нацыянальных меншасьцяў можа быць у такім становішчы”.

Прадстаўнік цыганскай дыяспары Мікола Калінін асабіста знаёмы з Анжалікай Борыс:

(Калінін: ) “Яна вельмі добрая, мужная жанчына, салідарны зь ёю наагул, патрэбна, каб палякі былі незалежнымі, каб перш за ўсё яны былі палякамі. На сто адсоткаў я зь ёю згодзен, з тым, што яна робіць, і падтрымліваю яе ва ўсім”.

Мікола Калінін адносіны ўлады да СПБ назваў тыповым прыкладам парушэньня правоў чалавека і недэмакратычнасьці ўлады ў Беларусі, якая хоча кантраляваць у краіне ўсё.

Між тым, кіраўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Станіслаў Буко ўчора на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што ў Беларусі ўсе нацыянальныя меншасьці роўныя перад законам і маюць права на абарону сваіх правоў і інтарэсаў, і што ўсе аб’яднаньні нацменшасьцяў атрымліваюць матэрыяльную дапамогу дзяржавы. За 2004-2005 гады такой дапамогі ім было аказана на 25 мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG