Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-populi: зь якой краінай у Беларусі найгоршыя адносіны?


Галіна Абакунчык, Менск Беларуска-польскае дыпляматычнае супрацьстаяньне працягваецца. Краіны абменьваюцца ўзаемнымі папрокамі і абвінавачаньнямі. З заклікамі спыніць рэпрэсіі супраць Саюзу палякаў да кіраўніцтва Беларусі зьвярнуліся дзяржавы Эўразьвязу і ЗША. Зь якой краінай у Беларусі найгоршыя адносіны і чаму? Гэтае пытаньне менчукам задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Зь якой краінай у Беларусі найгоршыя адносіны і чаму?”

(Юначка: ) “Афіцыйна — з Польшчай і Амэрыкай. Чаму? Краіна ў нас такая, дэмакратыі няма”.

(Юнак: ) “Я ня ведаю, які сэнс тае валтузьні, якая разьвязалася між уладамі Польшчы і Беларусі, але мне падаецца, што з мэтаю разгарнуць антыбеларускую кампанію напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што ні зь якімі краінамі ў Беларусі добрых стасункаў няма”.

(Юнак: ) “Мне падаецца, што найгоршыя з Польшчаю, а таксама з Францыяй, здаецца, Італіяй, ЗША. Бо яны хочуць улезьці ў Беларусь, каб валодаць ёю”.

(Карэспандэнтка: ) “Зь якой краінай у Беларусі найгоршыя адносіны і чаму?”

(Спадар: ) “Найгоршыя таму, што ўсе лезуць у нашыя ўнутраныя справы. Якога… лезьці той жа Польшчы, Літве, таму ж Бушу? Ёсьць у нас “бацька”, і няхай ніхто ня лезе”.

(Юнак: ) “Цяпер, на жаль, з краінамі Заходняй Эўропы і ЗША, канечне ж. Чаму? З-за палітыкі цяперашняга кіраўніцтва нашай краіны — нядобрасуседзкая і нават агрэсіўная”.

(Юначка: ) “Вельмі кепска, што Беларусь не падтрымлівае, практычна, ніякіх стасункаў зь ніякімі краінамі, акрамя СНД у асобе Расеі. І вельмі кепска тое, што адбываецца цяпер з Польшчай. Гэта ж нашыя суседзі — і каб так псаваць адносіны? Чаму так адбываецца? Я думаю, што гэта вельмі цесна зьвязана з той палітыкай, якую цяпер праводзіць прэзыдэнт наш. Я думаю, што гэта вялікі мінус будзе перш за ўсё для яго, а не для Польшчы”.

(Юнак: ) “Кепскія стасункі? Я думаю, што перш за ўсё з Расеяй. Бо чым больш размоваў пра аб’яднаньне, тым больш за гэтымі размовамі хаваецца канфліктаў і недамоўленасьцяў. А канфлікт з Польшчай — гэта сытуацыя часовая: сёньня Польшча, заўтра будзе Вугоршчына ці нехта яшчэ. А вось Расея і ЗША — гэта нашыя найбуйнейшыя й заўсёдныя сябры-ворагі”.
XS
SM
MD
LG