Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня маюць выйсьці з-за кратаў два дзеячы Саюзу палякаў (абноўлена)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня сканчаецца 10-дзённы тэрмін арышту двух дзеячоў Саюзу палякаў: намесьніка старшыні СПБ Юзафа Пажэцкага і кіраўніка Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Мечыслава Яскевіча. Іх павінны выпусьціць а 21-й гадзіну.

Актывісты адбывалі арышт ў лідзкім спецпрыёмніку. Там застануцца яшчэ журналісты Анджэй Пісальнік і Андрэй Пачобут, іхні тэрмін скончыцца 10 жніўня. Апроч іх, у гарадзенскім спецпрыёмніку сядзяць намесьнік старшыні СПБ Веслаў Кеўляк і заснавальнік Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін, абодвух пасадзілі на 15 сутак.

Улады дамагліся таго, каб на пэўны час старшыня Саюзу палякаў Анжаліка Борыс засталася бяз той падтрымкі з боку цяперашніх вязьняў, якой ёй вельмі не хапае. Спадарыня Борыс сказала мне, што расцэньвае дзеяньні міліцыі і судоў як дэманстрацыю сілы ў адносінах да палякаў. Саму яе пастаянна выклікаюць то ў міліцыю, то ў пракуратуру, каб трымаць у няпэўным стане. Вось як акрэсьліў сытуацыю Тадэвуш Гавін — перад тым, як яго пасадзілі на 15 сутак.

(Гавін: ) “Дзяржава сёньня шукае ворага. Ворагамі для яе зьяўляюцца Гавін, Борыс, Пажэцкі, які сядзіць, або Яскевіч ці Пачобут — усе ворагі. Толькі хай памятаюць: сёньня не 37-мы год! Пасадзяць нас, на нашае месца прыйдуць іншыя, і ўбачым — хто з гэтага ўсяго выйграе!”

Тадэвуш Гавін не разглядае дзеяньні ўладаў супраць Саюзу палякаў адасоблена ад наступу на ўвесь дэмакратычны рух Беларусі. Ён лічыць, што ўлада, якая трымаецца на рэпрэсіях, ня можа існаваць бясконца доўга.

(Гавін: ) “Яны думаюць, што нас усіх пасадзяць, што нас усіх застрашаць, што нас усіх зьнішчаць штрафамі. Ня зьнішчуць! Пройдзе год, два, пройдуць пяць, і ўсе яны — на чале з тым, што сядзіць у Менску — будуць адказваць за свае дзеяньні”.

Учора лідзкі судзьдзя Валянцін Шэўчык пакараў 10-дзённым арыштам прэс-сакратара новага кіраўніцтва СПБ Анджэя Пісальніка. Анджэй расказаў мне пра ўмовы ўтрыманьня ў шчучынскім ізалятары: як і ва ўсіх такіх установах, вязьні сьпяць на голай драўлянай падлозе, у камэры было спачатку сем, потым — пяць чалавек. Адзінае, што яго выпускалі на дзьве гадзіны ў падворак, а звычайна “палітвязьняў” на шпацыр не выводзяць.
XS
SM
MD
LG