Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змаганьне з карупцыяй у Беларусі – хто мае на гэта права?


Ігар Карней, Менск Дэпутат Дзярждумы Расейскай Фэдэрацыі Аляксандар Хінштэйн паставіў за мэту адправіць на нары найбольш уплывовых былых і цяперашніх расейскіх палітыкаў. Беларусь, якая ўваходзіць у агульную з Расеяй інфармацыйную прастору, міжволі таксама далучаная да абмеркаваньня публічных ініцыятываў Хінштэйна. Сьпярша ў выніку стараньняў дэпутата расейская пракуратура зацікавілася нерухомасьцю былога прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Касьянава, цяпер жа аналягічны запыт дэпутат накіраваў адносна выканаўчага сакратара СНД Уладзімера Рушайлы. Ці ёсьць у Беларусі заканатворцы, якія могуць ініцыяваць такія ідэі? Альбо барацьба з карупцыяй яшчэ з часу дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце Аляксандра Лукашэнкі засталася толькі ягонай прэрагатывай?

Паколькі Аляксандар Лукашэнка сам “выбіўся ў людзі” на антыкарупцыйнай хвалі, наўрад ці ён аддасьць гэтую “дзялянку” каму іншаму. Такое абагульненае меркаваньне ўсіх, хто колісь працаваў разам з Лукашэнкам і добра ведае яго характар.

Цяпер – пра актыўнасьць паасобных дэпутатаў. Пасьля таго як грамадзкая ўвага да інстытуту парлямэнтарызму рэзка ўпала (бо самастойныя рашэньні ў Авальнай залі амаль не прымаюцца), некаторыя дэпутацкія ініцыятывы апынуліся па-за межамі галоснасьці. Між тым, як сьцьвярджае дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава, заканатворцы па-ранейшаму досыць актыўныя. Іншая рэч, што змагацца з карупцыяй у краіне сапраўды дазволена ня ўсім.

(Абрамава: ) “Я адной такой справай займалася. Тры гады “прасоўвала” зварот выбарцаў: яны далі мне базу зьвестак на шэраг чыноўнікаў, якія спрыялі “ілжэбанкруцтву” аднаго прадпрыемства. У дачыненьні да чыноўнікаў база аказалася досыць слабой, хоць застаюся перакананая: усё, што я сьцьвярджала пра асобаў, якія патэнцыйна датычныя да гэтай справы, праўдзіва. Я публічна зьвярталася у Авальнай залі да прэзыдэнта. І падчас сёлетняга пасланьня зноў паставіла гэтае пытаньне рубам. Тады была створаная прэзыдэнцкая камісія, якая, на жаль, не правяла патрэбнага расьсьледаваньня. Таму я не магу сказаць, што задаволеная вынікам, але гэта максымум таго, што я магла зрабіць для абароны інтарэсаў людзей і для таго, што можна назваць элемэнтамі барацьбы з карупцыяй”.

У нечым думку спадарыні Абрамавай падзяляе і палітоляг Вячаслаў Оргіш. Ён перакананы: усе дэпутацкія ініцыятывы бясплённыя ад пачатку, паколькі “адмашку” на антыкарупцыйныя справы дае беспасярэдне Лукашэнка.

(Оргіш: ) “Тэарэтычна, вядома, такія ініцыятывы могуць мець плён, але практычна – наўрад ці. У нас рэальна пабудавана жорсткая вэртыкаль улады і ўсё, што агучваецца (асабліва пра карупцыю), папярэдне ўзгадняецца зь “вярхамі”, у першую чаргу з самім Лукашэнкам. Таму ніякія рухі ў гэтым кірунку з боку парлямэнтароў, іншых прадстаўнікоў улады немагчымыя, калі яны не санкцыяваныя галоўным начальнікам”.

Сапраўды, факты ў карупцыйных справах называюцца постфактум – пра папярэднія захады для выкрыцьця падазраваных амаль ніколі не гаворыцца. У гэтым, вядома ж, і адрозьненьне ад тых фактаў выкрываньня, якімі ўславіўся дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Аляксандар Хінштэйн.

Калі ў размове з Вольгай Абрамавай я сказаў пра зьніжэньне ўвагі журналістаў да дэпутацкага корпусу ў сувязі зь яго несамастойнасьцю, яна адрэагавала нечакана – маўляў, дарэмна вы так гаворыце, бо ў Авальнай залі часам здараюцца “экспромты”.

Адзін з такіх экспромтаў я прыгадаў. Гэта была спрэчка дэпутатаў Дзялендзіка і Шпілеўскага. Спрачаліся вакол ня менш важнай, чым карупцыя, праблемы – захаваньне правоў і свабодаў чалавека. Дырэктар прадпрыемства “Дарыда” Ўладзімер Дзялендзік скрытыкаваў кіраўніка мытнага камітэту Аляксандра Шпілеўскага за занадта пільнае стаўленьне да тых, хто перасякае мяжу. Перадусім ён меў на ўвазе прадстаўнікоў апазыцыі, у адносінах да якіх часта практыкуецца асабісты надгляд.

(Дзялендзік: ) “Паважаны спадар Шпілеўскі. Як дэпутат ніколі не ўжывайце супрацьзаконных захадаў, калі ёсьць жорсткае патрабаваньне кіравацца законам. Заўтра вы можаце гэтаксама апынуцца ў такой жа сытуацыі, і ня выключана, што і ў камэры дзесьці пабываеце...” Ён на мяне пакрыўдаваў за такія словы – маўляў, я яго абразіў. Я нікога не абражаў, сказаў больш-менш карэктна. Гэта ён мяне пасьля гэтага абразіў. Ну, на здароўе, хоць старшыню мытнага камітэту такога рабіць нельга. Бо калі, прыкладам, журналіст паедзе за мяжу і яго з ініцыятывы нейкага дэпутата прымусяць на мяжы дагала разьдзецца, і пры гэтым, апроч маральнага прыніжэньня, ніякага практычнага сэнсу ў такіх дзеяньнях ня будзе, што ўжо тады казаць пра звычайных людзей?”

Калі вяртацца да дэпутацкіх ініцыятываў, якіх багата ў суседніх краінах і якіх бракуе ў сучаснай Беларусі, то палітоляг Вячаслаў Оргіш лічыць: кіраўніку дзяржавы нават выгадна мець пару-тройку карумпаваных вышэйшых чыноўнікаў, якімі на гэтай падставе можна актыўна маніпуляваць. (Оргіш: ) “Чыноўнік, калі ён у пэўным сэнсе “павязаны” цёмнымі справамі, больш ляяльны да найвышэйшай улады. Такім чыноўнікам больш зручна маніпуляваць, накіроўваць яго ў патрэбным кірунку”.

У адрозьненьне ад Беларусі, парлямэнтары суседніх краінаў сапраўды застаюцца рэальнай палітычнай сілай. Апроч ініцыятываў расейскай Дзярждумы, як самы яскравы прыклад можна прывесьці ініцыяваны літоўскім Сэймам імпічмэнт экс-прэзыдэнту Літвы Паксасу. Паксаса дэпутаты абвінавацілі ў тым, што ён перамог дзякуючы сродкам расейскага бізнэсоўца. Сваю ролю адыгралі парлямэнты падчас “каляровых рэвалюцыяў” у Грузіі і Ўкраіне. У Беларусі, на жаль, парлямэнт паступова ператварыўся ў філію выканаўчай улады.
XS
SM
MD
LG