Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць дзяржаўныя службоўцы дэкляраваць маёмасьць і прыбыткі?


Галіна Жарко, Менск Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу зьбіраецца разгледзець законапраект, які абавяжа дзяржаўных службоўцаў і іх сямейнікаў дэкляраваць прыбыткі і маёмасьць.

За разгляд новага законапраекту выказаліся чальцы камісіі ў пытаньнях бюджэту, фінансаў і падатковай палітыкі.

Паводле словаў дэпутата Аляксандра Сайка, працытаваных агенцтвам “Інтэрфакс”, “закон прымаецца ў мэтах удасканаленьня дзяржаўнай кадравай палітыкі, спыненьня карупцыйных злачынстваў”.

Згодна з законам, дэкляраваць прыбыткі і маёмасьць грамадзяне абавязаныя, як і раней, пры паступленьні на дзяржаўную службу. Апроч таго, абавязак штогод дэкляраваць прыбыткі і маёмасьць уводзіцца для чынавенства, кіраўнікоў дзяржаўных арганізацыяў, уключаных у кадравы рэестар кіраўніка дзяржавы. Абавязаныя будуць падаваць дэклярацыі і іхныя сужэнцы, блізкія родзічы, браты і сёстры, бабулі і дзядулі, унукі...

Юлія Чыгір, жонка былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, лічыць, што пералік усё роўна няпоўны.

(Юлія Чыгір: ) “А нявесткі? А сябры? Бачу, што чым больш забаронаў, тым больш крадуць. Забараніць?.. Калі чалавек здольны да гэтага, дык ён знойдзе магчымасьці. Нават некарэктна гаварыць, што службовец крадзе, а нехта не крадзе. Параўнаем магчымасьці таго, хто ўкраў мяшок бульбы, і таго, хто ўкраў мільён. Тыя, што бяруць вельмі многа, нічога не баяцца, бо яны пасадзілі сваіх сьледчых, судзьдзяў”.

Спрэчкі камісіі падчас абмеркаваньня законапраекту выклікаў пункт аб дэкляраваньні прыбыткаў і маёмасьці кіраўнікамі недзяржаўных сельгасарганізацыяў. На думку парлямэнтароў, абавязак павінен ахапіць кіраўнікоў усіх недзяржаўных арганізацыяў, а ня толькі сельскагаспадарчых.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Сяргей Антончык бачыць тут больш шырокую “калгасную” аналёгію.

(Антончык: ) “Старшыня кажа: “Ну, хлопцы, я вас прашу больш ня красьці. Але будуць красьці, бо які старшыня калгасу ня можа за кошт калгасу пабудаваць сабе дом?! Усе гэта разумеюць. Чыста калгасная сыстэма. Яна накладаецца на перадвыбарную кампанію. Гульня па зразумелых правілах. Вы на выбарах забясьпечце мне той вынік, які трэба. А я буду плюшчыць вочы. Для электарату зноў трэба імітаваць барацьбу з карупцыяй. Звычайны элемэнт прапагандысцкай барацьбы, каб улада яшчэ больш стала непадкантрольная ні людзям, ні грамадзтву, ні прэсе”.

Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да прэзыдэнцтва менавіта на хвалі барацьбы з карупцыяй. Але ўжо ў 1994 годзе ў газэтах зьявіліся белыя плямы замест дакладу Сяргея Антончыка аб злоўжываньнях у камандзе кіраўніка краіны.

(Антончык: ) “Я ў гэтым дакладзе сказаў, што будзе тое самае. Таму што раз няма дэмакратыі, дык якая барацьба з карупцыяй”.

Сярод магчымых супернікаў Аляксандра Лукашэнкі ў новай прэзыдэнцкай кампаніі – Аляксандар Мілінкевіч. Ён быў намесьнікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму з 1990 да 1996 году.

(Мілінкевіч: ) “Я добра ведаю многіх людзей, якія і сёньня працуюць. Не скажу, што абсалютна ўсе хабарнікі, але сама ўлада, сам Лукашэнка правакуе. Яму гэта патрэбна, каб трымаць іх на кручку, каб пагражаць. А спэктаклі ладзяцца або зь няўдачнікамі, або з тымі, што ўзялі занадта шмат. Затое астатнім паказваюць, што пакуль ты пры ўладзе, ты можаш мець больш, чым твой заробак. Карупцыя павялічваецца. І будзе павялічвацца. Ніколі дзяржава ня здатная вырашыць пытаньне карупцыі. Гэтае пытаньне можа вырашыць толькі разьвітая грамадзянская супольнасьць. А ў нас яна зьнішчаецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не выглядаюць сваякі чыноўнікаў ў гэтай сытуацыі закладнікамі?”

(Мілінкевіч: ) “Яны закладнікі. Але часта з дапамогаю такіх сваякоў ажыцьцяўляецца прыўладны бізнэс. Сёньня ўсе ведаюць, што тое добраўпарадкаваньне, што робіцца ў краіне – гэта велізарныя грошы, – робіцца тымі малымі прадпрыемствамі, якія ўзначальваюць сваякі высокіх чыноўнікаў”.

Тым часам вось як адказваюць на пытаньне, ці маюць магчымасьць красьці чыноўнікі, мінакі на вуліцы.

(Юнак:) “Заўсёды думаў, што, каб мець грошы, трэба іх зарабіць. Але зарабіць у нашай краіне вельмі цяжка. Праўдападобна, іх зарабляюць незаконным спосабам. Мяркую, што чыноўнікі маюць такую магчымасьць. Ім значна лягчэй атрымаць хабар. Гэта відавочна”.

(Спадар: ) “Вядома. Яны заўсёды пры грашах, пры ўладзе. Вядома, можна ўкрасьці. Размовы няма”.

(Спадар: ) “Ясна. Лічу, што чыноўнік заўсёды можа ўкрасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG