Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗ адпраўляе прадукцыю на склад


Вячаслаў Кулік, Менск Менскі аўтамабільны завод вымушаны выкарыстоўваць тэрыторыю прадпрыемства як склад для сваёй прадукцыі. Экспэрты лічаць такую сытуацыю вынікам неканкурэнтаздольнасьці беларускіх грузавікоў на міжнародным рынку, у тым ліку нават у Расеі.

Пра пагрозу працы вытворчасьці на склад заяўляе генэральны дырэктар МАЗу Валянцін Гурыновіч:

(Гурыновіч: ) “Я адказваю за той калектыў, які ёсьць. І калі вырабіць ды паставіць прадукцыю на склад, то прадпрыемства доўга ня будзе існаваць. Гэта можна рабіць на працягу аднаго, двух, максымум трох месяцаў”.

У сваю чаргу ягоны намесьнік Эдуард Падольскі ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў, што нават у праблемнай сытуацыі ўрад краіны патрабуе прыросту вытворчасьці.

(Падольскі: ) “Тэмпы мусяць быць арыентаваныя на попыт рынку, я так разумею. У нас ужо ў мінулым годзе тэмпы былі вышэйшыя за 20 працэнтаў – 23 працэнты. Кожны год забясьпечваць такое ня ўдасца. Ёмістасьць рынку вызначаецца сукупнасьцю шэрагу фактараў”.

Днямі ў Маскве адбылася сустрэча кіраўнікоў міністэрстваў транспарту Расеі й Беларусі. Прадстаўнік Менску Іван Савуноў у нашай размове не крытыкаваў расейскіх партнэраў. Ён проста паведаміў, што маскоўскія калегі дамагаюцца зьніжэньня мыта на эўрапейскія аналягі МАЗаў і павелічэньня ўвозу імпартных “дальнабойшчыкаў”. Расейцы канстатуюць, што МАЗы “зьядаюць” больш паліва, а затраты на рамонт МАЗа ў сярэднім амаль у 6 разоў вышэйшыя. Беларуская тэхніка прайграе эўрапейскай і паводле экалягічных характарыстык рухавіка. Эўропа сёлета ўводзіць стандарт “Эўра-4”, а МАЗ дацягнуўся толькі да “Эўра-2”.

На МАЗе цяпер працуюць больш як 25 тысяч чалавек. Людзі сёлета разьлічваюць на месячны заробак, ня меншы за 250 даляраў. Гэта паабяцаў Аляксандар Лукашэнка. Палітыкі гавораць, што ў гэтым выпадку прэзыдэнту ёсьць чым рызыкаваць. У сваю чаргу тэхнічныя экспэрты называюць суму – 270 мільёнаў даляраў, якая патрэбная на тэрміновую рэканструкцыю МАЗу. Па словах аднаго з кіраўнікоў аўтазаводу, які папрасіў не называць ягонага прозьвішча, вырашэньне эканамічнай сытуацыі на прадпрыемстве ўсё больш перацякае ў палітычную сфэру”.

(Спадар: ) “Як робяць капіталісты? Калі ў яго няма збыту, ён спыняе вытворчасьць. Мы працуем інакш. У нас ёсьць плянавыя паказчыкі, якія прымушаюць выконваць – гэта тэмпы росту. І калі мы іх выконваем, але няма збыту на рынках, мы вымушаныя прырастаць на складзе”.

Паводле суразмоўцы, цяпер на МАЗе створана спэцыяльная інжынэрная група, якая займаецца наданьнем таварнага выгляду аўтамабілям, што стаяць на тэрыторыі ўжо некалькі гадоў.
XS
SM
MD
LG