Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 жніўня – 60-годзьдзе пастановы аб стварэньні музэю Янкі Купалы


Севярын Квяткоўскі, Менск Напачатку ў штаце музэю ў Менску і філіялу ў Вязынцы працавалі адно некалькі чалавек. Але паступова музэй ператварыўся ў салідную навукова-дасьледчую ўстанову, якая месьціцца ў цэнтры Менску. У філіяле ў Вязынцы штогод ладзяцца міжнародныя Купалаўскія чытаньні. За 60 гадоў праз музэй прайшлі дзясяткі тысяч чалавек. Як ставяцца маладыя беларусы да вобразу Янкі Купалы? Ці дапамог купалаўскі музэй зрабіць імя паэта кодам, які выклікае гонар за радзіму?

Першае маё пытаньне ў часе наведваньня музэю: хто асноўныя наведнікі? Вось што адказала вучоны сакратар Алена Бурбоўская:

(Бурбоўская: ) “Вядома ж, наш асноўны наведвальнік – гэта школьнікі. Купалу вывучаюць у школе, і, дзякуй Богу, сёньня настаўнікі вядуць дзяцей у музэй. Яны хочуць, каб дзеці ведалі значна больш пра Купалу, чым ёсьць у падручніку”.

Алена Бурбоўская патлумачыла, што музэй Янкі Купалы актыўна займаецца лекцыйнай працай. А ў часе летніх вакацыяў супрацоўнікі падзарабляюць тым, што ладзяць у месцах адпачынку выязныя выставы.

Музэй месьціцца ў цэнтры Менску – у парку, дзе стаіць вялікі помнік песьняру. Маляўнічае месца з фантанамі прываблівае шмат маладых менчукоў. Я стаў недалёка ад будынку, каб даведацца, наколькі абазнаная новая генэрацыя беларусаў што да асобы Янкі Купалы.

(Карэспандэнт: ) “Вы ведаеце, што гэта за будынак?”

(Дзяўчына: ) “Не”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта музэй Янкі Купалы. Што вы ведаеце пра Янку Купалу?”

(Дзяўчына: ) “Гэта пісьменьнік” (сьмяецца).

(Карэспандэнт: ) “А што ён напісаў?”

(Дзяўчына: ) “Нават не згадаю цяпер”.

(Карэспандэнт: ) “Якіх людзей Вы б назвалі сымбалямі Беларусі?”

(Дзяўчына: ) “Нават ня ведаю... Янка Купала, Якуб Колас... Іх шмат. Вельмі шмат. Я ня ведаю каго”.

Гэта вельмі тыповы дыялёг, які паўтараўся ў той ці іншай варыяцыі. Хіба што да імёнаў Янкі Купалы і Якуба Коласа дадавалі Францішка Багушэвіча і Францішка Скарыну. Зрэшты, я натрапіў на старшаклясьнікаў звычайнай менскай школы, якія больш-менш ведаюць пра Янку Купалу.

(Хлопец: ) “Гэта парк Янкі Купалы. Я быў у музэі разам з школьнай экскурсіяй. Я ведаю, што Янка Купала загінуў пры загадкавых абставінах у гатэлі “Масква” ў расейскай сталіцы. І што ёсьць вэрсія пра рэпрэсіі з боку савецкіх уладаў. Я ведаю шмат вершаў Янкі Купалы, але блытаю, якія зь іх ягоныя”.

Што да вершаў, мой суразмоўца крытычна ставіцца да савецкага пэрыяду творчасьці паэта:

(Хлопец: ) “Да прыходу савецкай улады ён пісаў адны вершы. А пасьля ён мусіў пісаць вершы, патрэбныя тагачаснай уладзе. І мне гэта ня вельмі падабаецца”.

Магчыма, апошнія словы могуць патлумачыць, чаму вобраз Янкі Купалы як сымбаль краіны не прысутнічае ў галовах маіх суразмоўцаў. Імя паэта асацыюецца з абавязковай школьнай праграмай, і ня больш за тое.

Ніводзін з маіх суразмоўцаў не згадаў Купалавай п''есы Купалы “Тутэйшыя”, якая праз восемдзясят зь лішкам гадоў па напісаньні зьбірае аншлягі. Па камэнтар я зьвярнуўся да Міхала Анемпадыстава – аўтара пляката да пастаноўкі “Тутэйшых”, якія адрадзілася ў купалаўскім тэатры на пачатку 1990-х. Міхал Анемпадыстаў прызнаўся, што да часу, пакуль не прачытаў п''есы “Тутэйшыя”, ставіўся да Янкі Купалы гэтаксама, як мае суразмоўцы ў сквэры ля музэю:

(Анемпадыстаў: ) “Праблема Купалы, трагедыя ягонай спадчыны ў тым, што асоба Купалы была перавараная савецкай ідэалёгіяй і ўвагнаная ў тыя рамкі, якія былі патрэбныя той ідэалёгіі. І таму ён неадэкватна ўспрымаецца, і ня вельмі цікавы як частка гэтай ідэалёгіі маладым людзям”.

Аднак жа менавіта ля помніка Янку Купалу зьбіраюцца некаторыя менскія паэты, а ў самімі музэі пэрыядычна ладзяцца непадцэнзурныя культурніцкія мерапрыемствы. А ў фінальнай сцэне “Тутэйшы” на сцэне тэатру штораз уздымаецца бел-чырвона-белы сьцяг.
XS
SM
MD
LG